Інды́к, інды́чка, індычаня́, індычанё (ТСБМ), індзю́чка (Мат. Гом.), індыча́ціна ’індычае мяса’ (Жд. 2). Ст.-бел. индыкъ, индикъ (1688 г.) запазычана з польск. indyk, дзе з лац. indicus ’індыйскі’, паколькі птушку завезлі ў XVI ст. з Вест–Індыі (Булыка, Лекс. запазыч., 143; Слаўскі, 1, 457). Для рус. индюк (XIX ст.) польская была таксама мовай-пасрэднікам (Праабражэнскі, 1, 271; Фасмер, 2, 132; Шанскі, 2, I, 75).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)