Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Анталя́жы, антуля́жы, антыля́жы, ’карункі’ (КТС, Шат., Сцяц., Жд., Інстр. I), анталяжыны, анталяжыкі (КТС) праз польскую (Сцяц. Нар., 143) з франц. entoilage ’палатняная падшыўка’. У бел. з пач. XX ст. (Гіст. лекс., 243).

Анто́наўка ’гатунак яблык’, рус. антоновка ’тс’, этымалагічна яблыка з Антонавак; укр. антонівка. У рускіх слоўніках з 1843, з рускай у інш. слав. мовы (Шанскі, 1, А, 119). Патрэбна ўдакладненне месца, адкуль пашырыўся гатунак. Бел. антон (КТС) ’антонаўка’ ў выніку усячэння антонаўка па ўзору анісанісаўка.

Анты́хрыст ’супраціўнік Хрыста > бязбожнік > неміласэрны’; анціхрыст (Нас.), анчихрыст (Рам; Карскі 1, 363); ст.-бел. антихристъ (XVI ст. Гіст. мовы 1, 307). Ст.-рус. антихрьстъ, ст.-слав. антихрьстъ. Агульнаславянскае слова. У розных славянскіх мовах развіты пераносныя лаянкавыя адценні гэтага слова, амаль ва ўсіх народных славянскіх мовах сустракаюцца фанетычныя змены, напр., субстытуцыя ц/ч замест т, таму нельга катэгарычна сцвярджаць на аснове формы з анці‑ аб яе паходжанні праз рус. мову, а на анты‑ праз польск. Напэўна, тут пераход у народную мову з царкоўнай, у якой з ст.-грэч. Ἀντίχριστος (Шанскі, 1, А, 117).

Антэцэ́сар ’папярэднік’ (Нас.) паралельна ці праз польск. antecesor ’тс’ з лац. antecessor ’тс’ (< ante ’перад’ + cedo ’іду’). Гіст. мовы, 1, 257 (з 1615 г.), Гіст. лекс., 107.