Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Ану́ча. Рус., укр. онуча, ануча (для абварачвання ног), польск., славац. onuca, чэш. onuče, славен. onuča, vnúča, ст.-слав. оноушта ’сандалія’ (Старасл. сл.). Да праслав. *onutja; корань ‑u(t)‑ той жа, што ў абутак (гл.), параўн. літ. aũli ’абуць’ суфікс ‑ja, як у свяча. Прэфікс on‑ найбольш верагодна з і.-е. *an‑ (лац. an‑, грэч. ανα‑ і г. д.) ’на’ (Фасмер, 3, 142) або, што менш верагодна, з і.-е. *on‑ ’у’ (Мейе, Études, 2, 162), ці o‑ пры ўстаўным ‑n‑ (гл. Праабражэнскі, 1, 650); паводле Шанскага (КЭСРЯ, 223), утворана ад *onutь ’абутак’ < *onuti ’абуць’, гэтым аўтар імкнуўся паясніць паходжанне ‑t‑. Аб прычынах дээтымалагізацыі гл. Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 173. Колесаў, ЭИРЯ, 5, 43–48: корань *nut‑ быццам паясняе семантыку анучы-абутку: ’тое, што не нацягваецца, а накручваецца’, што, аднак, не зусім ясна ў сувязі з няяснасцю кораня на славянскай моўнай глебе. Беларуская мова значна пашырыла семантыку слова ануча ад ’абутку’ на ’рызман, лату’, аналагічная тэндэнцыя заўважаецца і ва ўкраінскай; у іншых славянскіх мовах старое значэнне захоўваецца дакладней, хаця нідзе, здаецца, слова цяпер не азначае абутку. На новай семантычнай базе бел. анучнік ’гандляр анучамі; той, хто збірае ўтыль’ (Бяльк.).