Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Анда ’адна’ (Дзмітр.). Магчыма, памылка друку — перастаноўка н — д ці вынік асіміляцыйна-дысіміляцыйных працэсаў: дн > нн > нд. Калі значэнне ’вось, нават’, магчыма, з літ. añdai (гл. Тапароў, Балтийские яз., 44).

Андава́ць (Жд.), анда́ць (Арх. Бяльк.). З аддава́ць, адда́ць у выніку дысіміляцыі дд > нд.

Андарак, паводле ДАБМ, існуюць формы: ондорак, андрак, андэрак, андзірак, андорак, андърак, аднарак, андарачак, андарачны, ст.-бел. индерак, индерочек (Мар. дыс.). Рус. зах. (смал., бранск.) андара́к, укр. палес. андарак (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 121). Польск. (з XVI ст.) inderak; літ. andarõkas, inderõkas. Этымалогія не высветлена да канца. Рус. і ўкр. андарак можна лічыць запазычанымі з бел. Адносна беларускіх форм Міклашыч (Türk. El., 1, 248), Карскі (Белорусы, 175), Юргелевіч (Курс, 137) выказвалі думку пра цюркскае паходжанне; крыніцай тады было б тур. antars ’кароткае адзенне, якое носяць пад кафтанам’ (Радлаў, Опыт, 1, 237–238); да гэтага слова ўзыходзіць балг. антерия, мак. антерија, серб.-харв. антерија і інш. (БЕР, І, 12), адкуль бел. экзатызм антэрыя, укр. антерев. Але вывесці з цюркскага слова андарак нельга па фанетычных і семантычных матывах. Найбольш пашырана версія Даля аб нямецкай крыніцы слова: Unterrock. Яе трымаюць Фасмер, 1, 78; Брукнер, 192; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 22; Буга, 2, 222; Міклашыч, З; Рудніцкі 1, 24. Існуе таксама шмат варыянтаў тлумачэння канкрэтнага шляху нямецкага слова ў беларускую мову. Краўчук (Бел.-пол. ізал. 66) лічыць, што крыніцай была ніжненямецкая форма (напр., саксон. onderrock), што трапіла ў беларускую праз польск. ці балт. пасрэдніцтва. Пра рэалію гл. яшчэ Малчанава, Мат. культ., 136.

Андзе́я ’нудная прамова’ (Мядзв.), укр. андія ’лухта’ (Лысенка, СПГ), рус. дыял. андеи ’тс’ (Растаргуеў, Бранск.). Магчыма, перакручанае ідэя (паводле Мядзв.): устаўны ‑н‑ перааформлены ін‑ у ан‑ (параўн. андрына, анцірэс).

Андо́ўка (Серб.). Значэнне не ўказана. Магчыма, яндоўка. Гл. яндава.

Андрамо́ны ’рыззё, рызманы’ (Нас.), андрымоніць (КТС), адрамоны (Нас.). Няясна. Магчыма, звязана з драць зрываць, абрываць’ ці адраць ’абрабаваць’ (ст.-польск. niewiasta odrana ’абрабаваная жанчына’); элемент мон мог узнікнуць у выніку аналогіі з лахманы, рызманы, ахламон.

А́ндрус ’брат’ (арг.маг., слуц., Рам. 9, 21). Параўн. рус. афенск. андрус ’тс’, укр. лірніцк. андрус, яндрус, вандрус ’тс’, польск. ахвесніцк., прастамоўн. andrus злодзей, вулачнік, хлопец, кавалер’. З грэч. ἀνήρ, ἀνδρος ’мужчына’ праз пасрэдніцтва агульнай усх.-слав. эзатэрычнай мовы афеняў, купцоў (Бандалетаў, Бел.-укр. ізал., 101–102).

Андры́на (Янк. I; ДАБМ карта 236, галоўным чынам на поўдзень ад Мінска) з адрына (устаўное н).

Андрэ́йка, андрэй, андручок, андрэйка‑калода, андрэйка‑канарэйка, андрэйка‑купарэйка, андрэйка‑лябёдка і інш. ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (Шаталава, Веснік БДУ, 1970, 3, 65). Упадабненне імені — другасная з’ява, як і ў шэрагу іншых назваў насякомых, напр.: хвэдорко, пятрушачка, пэтрык, федарка, федрык, матрунька, пятрок, пэтрычок, пятрук, петрачка, петра, пытро і інш. Магчыма, назва паралельная да бэдрык, бэндрык, едрайко, едранец, вэдрык, ветрык, вадрык, відрык, параўн. польск. biedronka і wiodrunka. Напярэдадні дня св. Андрэя (29 лістапада) у палякаў моладзь варажыла пра будучага жаніха (andrzejki), а ў рускіх з гэтым днём звязаны народныя (павер’і аб надвор’і зімой (Даль, 1, 17); цікава адзначыць у сувязі з гэтым наўрад ці выпадковае выкарыстанне адной з назваў божай кароўкі ўкр. ведрик або бедрик у зімовых каляндарных песнях-шчадроўках. Але зімой, звычайна, андрэйкі не лятаюць, таму адзначым, што другі Андрэй святкаваўся 4 ліпеня. Усё гэта дае падставу для пераносу ўласнага імя Андрэй на насякомае і семантычных кантамінацый. Гл. ведрык.

Андуля́цыя ’завіўка’ (Сцяц., Сцяшк., Чэрнякевіч, Веснік БДУ, 1971, 3, 75), польск. ondulacja ’тс’ < франц. ondulation ’хваляванне (вады)’, з XX ст. завіўка’ на базе лац. памянш. undula да unda хваля’. Як у сэнсе тэхнічнага тэрміна, так і ў сэнсе ’завіўка’ трапіла ў розныя мовы, у тым ліку славянскія. Сюды андулятар (БРС), андулятарны (КТС). Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 72.