Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ані́, з часціцы ні пры дапамозе ўзмацняльнай часціцы а‑. З ані‑ ўтвораны словы аніякі, аніяк і інш.

Аніга́дкі ’хоць бы што’ (Мар. дыс.) ад гадка з прыстаўкай ні і ўзмацняльнай часціцай а (параўн. анічуць і шэраг іншых утварэнняў з ані‑).

Ані́кават ’дурнаваты, прыдуркаваты’ (Нас., Гарэц.). Магчыма, ад уласнага імя Ані́ка (параўн. Ані́ка‑во́ін пра чалавека, які выхваляецца, ад імя героя старажытнарускага падання, які, хвалячыся сваёю непераможнасцю, выклікае на паядынак Смерць і гіне ў баі з ёй (ССРЛЯ)). Грэч. ἀνίκητος ’непераможны’. Далейшае семантычнае развіццё ’хвалько, які гіне’ > ’прыдуркаваты’ цалкам магчыма; параўн. рус. дыял. ани́ка‑смотро́к — пра непрадбачлівага чалавека, ани́чка ’кплівая мянушка’ (СРНГ). Іншая магчымасць: сувязь з аніякі.

Ані́с ’Pimpinella anisum; Anisum Gaertn.’, аныш, ганыш (Кіс.), га́нус, гэ́нус (Касп.), га́нуш, га́нусовый, га́нусовка (Нас.). Рус. ани́с, дыял. га́нус ’кмен’, ани́ст ’тс’, ганы́ш ’Chaerophyllum bulbosum L.’, укр. ані́с, дыял. а́нис, а́ниж, а́ниш, о́ниж, га́нус, га́ниж ’аніс’. Польск. anyż з чэш. anýz, дыял. hanýz, haníž, ст.-чэш. anež, anez, славац. aníz, onajs, anajs, в.-луж. anis, славен. jánež, серб.-харв. а́нис, а́ниш, а́нижевица, балг., мак. анасон ’тс’. Крыніца ўсіх гэтых форм с.-грэч. ἄνισον (раней ἄννησον) невядомага (міжземнаморскага?) паходжання. Грэч. > тур. > балг., мак. (БЕР, 1, 11), магчыма, грэч. > серб.-харв.; грэч. > лац. ці грэч.//лац. anisum, anesum > ст.-чэш. anez; лац. > с.-в.-ням. > ст.-чэш. anež, славен. janež, магчыма, польск. anyż, серб.-харв. аниж‑. Бел., укр. ганыш, аныш (з XVII ст.) < польск. anyż (Рудніцкі, 1, 25). Бел. аніс < рус. анис. Рус. форма, паводле Фасмера (1, 78), з н.-в.-ням. ці па версіі Гараева з французскай, што малаверагодна. У рускай пісьменнасці слова вядома з 1560 г., што дае магчымасць лічыць яго запазычаным непасрэдна з грэч. (Шанскі, 1, 4, 109), але супраць гэтага націск, які супадае з нямецкім. Назва яблыка аніс, анісаўка з рускай: анисовые яблоки — паволжскі гатунак яблык.

Анічу́ць ’ні ў якай меры’, з прыслоўя чуць пры дапамозе прыстаўкі ні і ўзмацняльнай часціцы а (Шуба, Прыслоўе, 182).