А́нцік ’прыгожая дзяўчына, прыгожы хлопец’ (Бяльк.). Рус. смал. а́нтик ’лясун’. Калі гэтыя ўтварэнні звязаны (семантыка: ’спакуслівы, як лясун’), відаць, іх трэба звязаць з анціпка ’д’ябал’ (гл.). Іначай — ад рус. анти́к ’рэдкі’, ’чалавек незвычайны’ (ССРЛЯ); ’камея’ (Даль); рус. слова < франц. antique ’старажытны’ < лац. antiquus (Шанскі, 1, А, 118); параўн. антычны (Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 73), але няясны перанос націску, як і пры атаясамленні з анці́пка; параўн. а́нціць ’гуляць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)