Бароўка ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Паколькі параўнанне з бор ’лес’ не мае сэнсу, то хутчэй за ўсё можна бачыць тут аснову бар‑, якая служыць для падзывання авечак. Параўн. бел. бар‑бар (ДАБМ, № 305), рус. бар‑бар, барь‑барь, баря‑баря; ба́рька ’авечка’, ба́ря ’баран’. Божая кароўка часта называецца (божым) баранчыкам, (божай) авечкай. Параўн. чэш. berunka, beruška, ням. Herrgottschäfchen. Літ-py гл. пад бе́дрык. Параўн. і буроўка.
Баро́хтацца ’борацца, вазіцца’ (Нас.). Рус. бара́хтаться. Гараеў (12) і Шахматаў (ИОРЯС, 7, (2), 353–354) звязвалі гэтыя словы з боро́ться, баро́цца. Фасмер (1, 124) сумняваецца. Іншыя лічаць, што гэта ўтварэнне ад гукапераймальнага барах (гл. Шанскі, 1, Б, 41; Лапацін, ЭИРЯ, II, 139–149). Сюды, магчыма, адносіцца і барахма́цца ’дужацца’ (Касп.), з іншым «суфіксам» рус. (пск.) барыхма́ться.
Баро́цца ’борацца’. Рус. боро́ться, укр. боро́тися, ст.-польск. (дыял.) bróć się, в.-луж. wobróćso, н.-луж. wobrojś ’абараняцца’, ст.-слав. брати борѭ, балг. бо́ря се. Параўн. далей серб.-харв. бо̀рити се, славац. boriť sa ’змагацца’. Прасл. borti, borʼǫ (sę) ’тс’. Параўн. літ. bárti ’лаяць, сварыцца’, лат. bar̃t (да балта-слав. формы гл. Траўтман, 27), ст.-ісл. beria ’біць’, beriask ’змагацца’, ст.-в.-ням. berjan ’біць’, лац. ferīre ’біць, сячы, калоць’. І.‑е. *bher‑: *bhor‑ ’біць, калоць, змагацца і да т. п.’ Бернекер, 76; Праабражэнскі, 1, 38; Фасмер, 1, 197; Брукнер, 36; БЕР, 1, 69. Сюды і бел. баро́цца ’бадацца’ (Сцяц., Клім., Інстр. III, Арх. Бяльк., слонім.).
Барс 1 ’барс’. Рус. барс (з XVI ст.), укр. барс (з XVIII ст.). Запазычанне з цюрк. bars, pars ’тыгр, пантэра, рысь’. Фасмер, 1, 128 (там і літ.); Шанскі, 1, Б, 48.
Барс 2 ’барсук’ (Інстр. II). Відавочна, форма, што ўзнікла скарачэннем з барсу́к (гл.). Такая ж самая з’ява і ў літ. мове, дзе barsas ’тс’ < bars(i)ùkas (гл. Фрэнкель, 1, 35).
Барса́ць ’працягваць аборы ў лапці’ (Гарэц., Касп.; барса́ць|варса́ць — Шат.), ’кідаць’ (Гарэц.). Сюды ж з іншым вакалізмам: бэ́рсаць ’блытаць (ніткі), блытаць, разматваць у беспарадку, рабіць неакуратна; пароць ежу і не есці; пісаць; нячыста жаць’ (Шат., БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Сцяц., Янк. Мат.). Укр. бо́рса́ти (часцей з прэфіксамі) ’працягваць вяроўку ў вушка лапця; кідаць’; бо́рсатися ’кідацца ў розныя бакі, вазіцца, валтузіцца’. Слова цёмнага паходжання. Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) выводзіў з ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Райхэнкрон, ZfslPh, 17, 148–149 (без бел. матэрыялу) выводзіў з рум. мовы (няпэўна). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 178 (няма бел. слоў). Магчыма, ёсць сувязь з групай слоў тыпу рус. броса́ть (аб гэтых словах Фасмер, 1, 218; Шанскі, 1, Б, 201–202): параўн. значэнне ’кідаць’ у бел. і ўкр. слоў. Так Трубачоў, Этимология, 1965, 383. Гл. яшчэ барсні́. Львоў (Зб. Петравічу, 315–318) лічыць, што ўкр. бо́рсатися і рус. бара́хтаться неяк звязаны. Гл. бэ́рсаць, варса́ць, абарсаць.
Барсні́ лапці, сплеценыя з пяньковых вяровачак’ (Янк. Мат.), ’скураныя лапці’ (Касп.). Рус. дыял. (смал.) борсни ’скураныя лапці’. Утварэнне ад дзеяслова барса́ць (гл.) ’працягваць аборы ў лапці’. Гл. Краўчук, Бел.-укр. ізал., 37.
Барсу́к (БРС, Яруш., Сцяшк. МГ). Рус. барсу́к, борсу́к, укр. бо́рсук, польск. borsuk і г. д. Запазычанне з цюрк. моў (тур. і г. д. borsuk, тат. bursyk, barsyk; літаральна ’шэры’). Фасмер, 1, 128; Слаўскі, 1, 39. Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 48–49.
Барта ’тапор’, таксама барда (ст.-бел., гл. Гіст. лекс., 115; Чартко, Дасл. (Гродна), 54; Булыка, Запазыч., 38). Ст.-укр. барта (XVI ст.) ’від шырокай сякеры’. З польск. barta (таксама barda) ’тс’ < с.-в.-ням. barte (гл. Фасмер, ZfslPh, 28, 117). Але, магчыма, запазычанне і непасрэдна з ням. мовы (гл. Чартко, там жа). Сюды адносіцца і бел. барда́ тупая сякера’ (Касп.) з другасным націскам.
Бартыха́цца ’боўтацца’ (Касп.). Мабыць, гукапераймальнае, як і іншыя словы гэтага тыпу: бел. баро́хтацца, рус. бара́хтаться, буры́хтаться ’вазіцца’, буры́хтать ’боўтаць’.
Барть ’борць’ (Кіркор). Запазычанне з польск. barć ’тс’ (прасл. bъrtь). Беларуская форма — борць (гл.). Параўн. яшчэ ст.-бел. (XVI ст., Нас. гіст.) бартны ’борцевы’ < польск. bartny ’тс’ (да barć).