Бедрык ’божая кароўка’ (Інстр. лекс., З жыцця). Укр. бе́дрик. Параўн. польск. biedronka, biedrunka, biedrzonka, чэш. bedruňka ’тс’. У славян і іншых народаў ёсць павер’е, што Coccinella — гэта ’божая жывёліна’ (параўн. бел. бо́жая каро́ўка, рус. бо́жья коро́вка, польск. krówka Matki Boskiej, ням. Herrgottkühlein, Herrgottschäfchen і г. д.). Таму бедрык, відавочна, звязана семантычна з такімі назвамі, як польск. biedroń ’стракаты вол’, biedrona ’стракатая карова’ і г. д. (аб польскіх назвах гл. Слаўскі, 1, 32; Саднік-Айцэтмюлер, 4, 262–263). Першапачаткова бедрык — гэта ’стракатая жывёліна’. Тып bedr‑: petr‑ (параўн. яшчэ бел. петрык, укр. пе́трык ’божая кароўка’) у карпацкай зоне займае «паўночны арэал», а на поўдні выступае babr‑, bobr‑, papar‑ і г. д. (параўн. укр. бабру́н, папару́за ’божая кароўка’; з неслав. моў — рум. buburú і г. д.). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 124. Змешваць абодва тыпы (як гэта робіць Махэк₂, 50; Каламіец, Мовознавство, 1967, № З, 50–51) наўрад ці можна. Не выключаецца, што наогул мы тут маем справу з старым субстратным словам (з пазнейшай ад’ідэацыяй да bedr‑ ’сцягно’). Лант (Language, 29, 128–133) зыходзіў з і.-е. *bhed‑r‑ (параўн. санскр. bhadraḥ ’удача, шчасце; спрыяльны’). Сюды і бедру́нка ’Scarabeus auratus’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)