Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стакало́с ‘каласоўнік’ (стол., лельч., жытк., мазыр., Расл. св.; ЛА, 1), стоколо́с, стоколо́са ‘гірса’ (ТС), укр. стоко́лос, рус. стоко́лос, польск. stokłos, чэш. stoklosa, славац. stoklas, серб.-харв. сто̀класа, славен. stóklas. Прасл. *stokolsъ; ад сто і колас (Міклашыч, 335; Фасмер, 3, 764). Махэк₂ (579) заўважае, што лічэбнік сто не мае канкрэтнага значэння, абазначае толькі вялікую колькасць каласкоў у гэтай расліны ў параўнанні з адным коласам культурных збожжавых раслін.

Стака́н — у вузкіх тэрміналагічных значэннях (ТСБМ) запазычана з рус. стака́н (Крукоўскі, Уплыў, 43); у народнай мове стака́н, стага́н ‘шклянка’ (Гарэц., Сл. ПЗБ, Жд., 1, 3, ЛА, 4), стака́н, штака́н ‘тс’ (ТС), стака́н ‘шкло на лямпу’ (Мат. Гом.), пранікненне з рускай, у тым ліку з экспрэсіўным азванчэннем к > г. Стага́н ‘чыгун (посуд)’ (Мат. Гом.; брасл., Сл. ПЗБ) у выніку кантамінацыі з сага́н ‘гаршчок, чыгун’ (гл.).

Стакана́. Гл. наступнае слова.

Стакані́цца ‘клапаціцца, даглядаць’ (свісл., лід., беласт., гарад., воран., ваўк., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Сцяцко Сл., ЛА, 1), ‘стаміцца’ (лях., Сл. ПЗБ), стоконы́тысь ‘клапаціцца’ (драг., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), стоконі́ціса ‘турбавацца, клапаціцца’ (івац., Нар. сл.), стоконы́тысь ‘прыгожа ўбірацца, адзявацца’ (брэсц., ЛА, 1), стакана́ ‘клопат, турботы’ (свісл., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл., Сцяцко Сл.), стакано́та ‘мітусня’ (лід., Сл. ПЗБ), сто́кон ‘клопат, турботы, цяганіна’ (івац., Нар. сл.). Ізаляванае слова; славянскіх адпаведнікаў няма; рус. разм. устака́ниться ‘супакоіцца’ не падыходзіць па значэнні. Улічваючы лінгвагеаграфію, можна думаць аб запазычанні з літ. stekénti (‑ẽna, ‑ẽno) ‘мучыць, таміць, мардаваць’ з адваротнай семантыкай.

Стакаро́дніца ‘від агароджы’ (Касп.). Няясна.

Стакве́ля ‘столькі’ (Сцяшк. Сл.), стакве́ле ‘тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ). З польск. tak wiele (Сл. ПЗБ). .

Стакі́ мн. л. ‘будаўнічыя блокі’ (Сл. рэг. лекс.). Скарочана ад пустакі ‘пустацелая цэгла’ (Сл. ПЗБ), польск. pustaki ‘тс’ (да пусты, гл.).

Ста́кла ‘адна з апорных частак асновы красён’ (швянч., Сл. ПЗБ). З літ. stãklės ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 565).

Стакро́тка ‘маргарытка’ (гом., гродз., Кіс.; Нас., Байк. і Некр.), ‘агаткі’ (мін., Кіс.), сто́кроць ‘куст маргарытак’ (Нас.), стакратка ‘тс’ (Гарэц.). З польск. stokrótka ‘маргарытка’, якое, магчыма, калькуе ням. Tausendschön, што дакладней перадаецца чэш. stokrasa ‘тс’ (Брукнер, 516); укр. стокро́тка ‘тс’ таго ж паходжання, гл. ЕСУМ, 5, 424.

Стакро́ць ж. р. ‘сто разоў’, прысл. ‘у сто разоў’ (Нас., Байк. і Некр.), сто́краць ‘тс’ (Гарэц., Касп.). З польск. stokroć ‘тс’, якое ад sto ‘сто’ і ‑kroć; апошняе да прасл. *kortъ (параўн. рус. стокра́т), якое чаргаваннем галосных звязана з *čersti, *čьrtǫ ‘рэзаць’; параўн. сінонім раз < рэзаць; гл. Фасмер, 2, 368–369; Махэк₂, 290.