Пусты́ — у розных значэннях (ТСБМ), паводле Шымкевіча (Покажчик, 228), ’нічога не утрымліваючы ў сабе, нічым не заняты, парожні’; ’благі, кепскі, дрэнны’ (ТС), ’парожні; неўрадлівы, нядобраякасны; галодны; легкадумны’ (Ян., Сл. ПЗБ), ’слабы’ (лельч., Нар. лекс.), ’худы’ (петрык., Мат. Гом.), ’неўрадлівы’ (ПСл), ’бесталковы’ (Жд. 2), ’неаплоднены’ (ТС), pustý ’незаняты; непатрэбны, некарысны’ (Варл.), пусто́е ’дрэннае ў паводзінах’ (Ян.); сюды ж спалучэнні: пуста́я глі́на (у ганчарстве) ’недастаткова вязкая гліна’ (клец., Нар. словатв.), пусты́ дзень ’час, неспрыяльны для ўраджаю’ (Сцяшк. Сл.), пусты́я дні ’апошняя квадра месяца’ (астрав., іўеў., Сл. ПЗБ), pustója žýta ’жыта, у якім не наліліся каласы’ (Варл.), пусто́е по́ле ’няўдобіца’ (ЛА, 2; гл. пустапо́ле), пустэ́е сло́во ’лаянкавае, дрэннае слова’ (ТС), ст.-бел. пустая рука ’асоба, якая не мае законнных спадчыннікаў’ (Гарб., Ст.-бел. лексікон), паводле Статута 1588, ’уласнік маёмасці, які не меў наследнікаў па закону’ (пры адсутнасці тэстамэнту маёмасць лічылася вымарачнай і пераходзіла ў дзяржаўную казну, гл. пустоўшчына); пустая вдова (жона) ’бяздзетная жанчына’ (Гарб., Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. пусти́й ’парожні; пусты, дрэнны, бессэнсоўны, легкадумны; непатрэбны, бескарысны’, рус. пусто́й, польск. pusty, чэш., славац. pustý, в.-луж., н.-луж. pusty, славен. pust, серб.-харв. пуст, балг., макед. пуст ’пусты, парожні; пракляты’, ст.-слав. поустъ ’закінуты, бязлюдны’. Прасл. *pustъ ’пусты, бязлюдны, закінуты’ параўноўваюць са ст.-прус. pausto‑ ’дзікі’ (у кампазіце pausto‑catto ’дзікі кот’), роднасным ст.-прус. paustre ’дзікае месца, пушча’, што ўзыходзяць да і.-е. *pau̯sto‑, дзеепрыметнік ад *pau̯se/o, што захавалася ў грэч. παύω ’спыняю, затрымліваю’ (адсюль і лац. pausa, гл. паўза), гл. таксама пусціць (Сной, 516; Фасмер, 3, 411; Чарных, 2, 85; Глухак, 513 і інш.). Мартынаў (Этимология–1982, 9) дадае сюды ст.-прус. paustocaican ’дзікі конь’ і ўзводзіць *pustъ да і.-е. *peu̯‑/pou̯‑ з дэтэрмінантам ‑s‑, як у лац. pūrus < *pausos ’чысты; пусты; цнатлівы; дзікі’, што, мажліва, адлюстраваліся ў чэш. pouchlý ’пусты’, славен. puhel ’тс’. Жуйкова (Беларусіка, 19, 102) рэканструюе зыходную семантыку *pustъ ’засвоены, дзікі, неўпарадкаваны’, на базе якіх развілося значэнне ’парожні’ праз прамежкавую ступень ’які не адчуў уплыву людзей; чужы; варожы’. Спецыяльна гл. Куркіна, Зб. памяці Слаўскага, 155.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)