Пусці́ць ’дазволіць рухацца; кінуць; пакінуць у спакоі; адпусціць, адлажыць’ (Сл. ПЗБ, Сержп., ТС, Яруш., Бяльк.), ’даць, вызваліць месца, праход, дарогу’ (кір., Нар. сл.) у спалучэннях: пусці́ць го́лас ’падаць голас’ (Гарэц.), пусці́ць на вецер ’зачараваць, праклясці, выкарыстоўваючы вецер як сродак пераносу пракляцця’ (мін., Жыв. сл.), сюды ж пусці́цца ’пайсці; дазволіць сабе нешта; пачаць расці’ (Сл. ПЗБ), пусці́цца ў абу́зу ’пайсці ў блуд’ (Бяльк.), пусці́цца сарама́ ’згубіць сорам’ (Шат.), параўн. укр. пусти́ти, рус. пусти́ть, польск. puścić, чэш. pustiti, славац. pustiť, в.-луж. pusćić, н.-луж. pušćiś, славен. pústiti, серб.-харв. пу̀стити, балг. пу́сна, макед. пушти, ст.-слав. поустити. Прасл. *pustiti ад *pustъ (гл. пусты), гл. Фасмер, 3, 405; Бязлай, 3, 138; Шустар-Шэўц, 2, 1194; першапачатковае значэнне ’зрабіць вольным, вызваліць’ (Чарных, 2, 84) або ’кінуць, пакінуць без людзей’, што, на думку Сноя (516), адлюстроўвае качавы спосаб жыцця; апошняе можна аднесці і да прымітыўнага (падсечна-агнявога) спосабу апрацоўкі зямлі, якую пакідалі без увагі пасля выкарыстання, бо яна ўжо была пустая, неўраджайная (Махэк₂, 501). Гл. таксама пуска́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)