Ко́лас ’суквецце злакаў, суквецце з пладамі, насеннем гэтых раслін’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Ян., Яруш., Бяльк., Сцяшк., Сержп. Грам.). Укр. колос, рус. колос, ст.-рус. колосъ ’тс’, ст.-слав. класъ, балг. клас, макед. клас, серб.-харв. кла̑с, славен. klȃs ’тс’, польск. kłos, чэш. klas, славац. klas, в.-луж. kłos, н.-луж. kłos, палаб. klǎs ’тс’. Прасл. kolsъ мае бліжэйшую паралель у алб. kall ’колас’ (< kalsa). Цікава, што паралелей да гэтага слова ў балтыйскіх мовах няма. У іх існуюць адпаведнікі да іншай славянскай назвы коласа: прасл. voltъ (гл. валотка). Параўн. серб.-харв. вла̑т, славен. vlat, vlatka ’мяцёлка, колас’, літ. váltis ’колас аўса, мяцёлка’ (Мартынаў, Изоглоссы, 11). Можна меркаваць, што прасл. kolsъ — вынік кантактаў славян з палеабалканскім моўным масівам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)