Баламу́т ’прайдоха, ашуканец і да т. п.’ (Шат., Касп., Нас., Інстр. III, Мал., БРС), баламу́ціць. Ст.-бел. баламут, баломут, боламут, баламутити і г. д. (гл. Булыка, Запазыч.). Рус. баламу́т, баламу́тить, укр. баламу́т ’баламут; знахар’, польск. bałamącić, bałamucić, чэш. balamutiti. Здаецца, прасл. bala‑mǫtiti, bala‑mǫtъ (гл. Махэк₁, 23), дзе другая частка складанага слова да mǫtiti ’муціць’. Першая частка (bala‑) тлумачыцца па-рознаму. Агляд версій гл. Бернекер, 40; Фасмер, 1, 113; Слаўскі, 1, 26. Ідэя запазычання з манг. мовы, здаецца, зусім неабгрунтаваная. Кноблах (JČ, 1969 (2), 141) бачыць тут (як і ў слове балагу́р) экспрэсіўны прэфікс bala‑.
Баланда́ ’вельмі рэдкая, няўдалая яда’ (Вешт.), ’яда з мятай бульбы’ (Лысенка, ССП), ’суп з бульбы і мукі, забелены малаком, зацірка’ (Мат. Гродз.). Параўн. рус. бала́нда́ ’від яды, баланда; бацвінне; зацірка; бульба з цыбуляй і г. д.; від лебяды, бацвінне; абрызглае малако’; ’балбатун, пустаслоў’. Усё да дзеяслова. Параўн. рус. бала́ндать, бала́ндить ’баўтаць; рашчыняць на вадзе муку; баўтаць нагамі; займацца пустымі размовамі’, укр. баланді́ти ’балбатаць, гаварыць’, баланда ’марудны, нехлямяжы чалавек; балбатун, пустамеля.’ Параўн. і чэш. blandat (Махэк₁, 33) ’балбатаць, гаварыць’. Зыходнае *balandati (гукапераймальнае?) ’баўтаць, размешваць’ → 1) ’рабіць яду наспех’ (адсюль і ’дрэнная яда, зацірка’); 2) ’балбатаць, гаварыць’. Няма падстаў гаварыць аб запазычанні ўсёй групы слоў з літ. мовы (надта многа значэнняў, якія не выводзяцца з літ. ’лебяда’). Запазычанае, мабыць, толькі бала́нда (< літ. balánda ’Chenopodium’). Аб запазычанні гл. Фасмер, 1, 113 (там і ранейшая літ-pa); Шанскі, 1, Б, 21; Урбуціс, Baltistica, 1969, V (I), 49.
Баланды́чыты ’біць лынды, каніцеліцца’ (Клім.). Аналагічныя ўтварэнні і ў іншых усх.-слав. мовах (рус., укр.). Бясспрэчна, адносіцца да групы: рус. бала́ндать, бала́ндить ’вазіцца, займацца балбатнёй’, укр. баланда ’марудны, нехлямяжы чалавек; балбатун’. Гл. баланда́.
Баланнё ’маладыя пасадкі дрэў’ (Сцяшк. МГ). Бясспрэчна, таго ж паходжання, што і бало́нне, балона (гл.). У зах.-бел. гаворках устанавілася адно з шматлікіх значэнняў (да таго ж не асноўнае) гэтага слав. геаграфічнага тэрміна.
Бала́нс. Рус. бала́нс, укр. бала́нс. Новае запазычанне з франц. balance (падрабязней гл. Шанскі, 1, Б, 21).
Бала́ст. Рус. балла́ст, укр. бала́ст. Запазычанне з зах.-еўрап. моў. Першакрыніца — гал. ballast або н.-ням. ballast. Гл. Фасмер, 1, 117. Крыху іначай Шанскі, 1, Б, 21 (< гал.).
Балахо́н (Касп., Шат., Сцяц. Нар., Сцяшк. МГ, БРС), ’няўмела сшытая шырокая і доўгая вопратка; бальнічны халат’ (Янк. II), ’палатняны плашч’ (Гарэц.), ’верхняя доўгая мужчынская вопратка з даматканага сукна’ (Інстр. I), ’верхняе адзенне’ (Др.-Падб.). Звычайна лічыцца запазычаннем (як і рус. балахо́н, балахна́, балахня́, укр. балахо́н) з перс. bālājǰāme (Праабражэнскі, 1, 14; Фасмер, 1, 114), але фанетыка застаецца незразумелай. Шанскі (1, Б, 22) хоча бачыць тут непасрэднае запазычанне з тат. мовы (але без аргументацыі).
Балаці́раваць. Рус. баллоти́ровать. Запазычанне з ням. ballotieren (< франц. balloter < італ. ballotare). Наўрад ці (насуперак Фасмеру, 1, 117) непасрэднай крыніцай можа быць і франц. слова (супраць гэтага сведчыць суфіксацыя). Параўн. Шанскі, 1, Б, 26–27.
Бала́чка ’размовы, пустаслоўе’. Укр. бала́чка, балачки́ (мн.) ’тс’. У рус. мове ў гэтым значэнні няма. Бел.-укр. утварэнне (суфіксам ‑ка) ад дзеяслова бала́каць ’размаўляць’ (гл.).
Балачы́на ’невялікае воблака, хмарка’ (Нас., Юрч.), балачы́нка ’воблака’ (Гарэц.). Параўн. і паралельныя формы: аблачы́на (Юрч.), аблачы́нка (Гарэц.). Зыходным з’яўляецца *оболочина (да ўсх.-слав. *obolokъ, *oboloko < прасл. *obolkъ < *ob‑volkъ, да *ob‑ і *volk‑ : *velk‑ ’валачыць, цягнуць’).