Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стру́гвіна ‘ягада накшталт марошкі’ (Нар. Гом.), стругві́на ‘ажыны’ (ТС). Параўн. укр. стру́жина ‘марошка, Rubus chamaemorus L.’, стругві́на ‘ажыны’, острожила ‘тс’, польск. ostrężyna ‘тс’, каш. ostružene ‘тс’, чэш., славац. ostružina ‘тс’, ст.-чэш. stružina ‘тс’, в.-луж. wostružina ‘тс’, серб.-харв. о̀струга ‘тс’, славен. ostróga ‘тс’, ostrȏžnica ‘Rubus fruticosus’. Узводзяць да прасл. *ostrǫga, вытворнага ад *ostrъ, гл. востры, астро́га (Брукнер, 386; Махэк, Jména, 101; Бязлай, 2, 259; ЕСУМ, 5, 452).

Стру́длі ‘пячэнне на мяду’ (Вешт.). Праз польск. strudel, мн. л. strudle з ням. Strudel ‘слаёны пірог’, гл. Брукнер, 520; ЕСУМ, 5, 451.

Стру́дні ‘ліштва’ (Мат. Гом.). Няясна.

Струк1 ‘доўгі і вузкі плод з дзвюх палавінак з насеннем’ (ТСБМ, ТС, Байк. і Некр., Варл., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ‘лядзяк’ (рас., Шатал.), ‘боб’ (Байк. і Некр.), струкі́ ‘лісце і сцяблы гароху’ (ушац., ДАБМ, камент., 862), ‘адходы пры прадзенні воўны’ (свісл., Шатал.), ‘пасма’: струк валосся (Сержп. Прымхі), стру́чча зборн. ‘струкі’ (Мат. Гом., Жд. 2), ‘гарох пасяўны’ (гом., Кіс.). Укр. струк, рус. стручо́к, польск. strąk, в.-луж. truk, н.-луж. tšuk, чэш., славац. struk, серб.-харв. стру̑к ‘сцябліна з коранем’, ‘часнок, цыбуліна’, славен. stròk ‘сцябліна; стручок’, балг. стрък ‘сцяблінка, галінка’, макед. страк ‘тс’. Прасл. *strǫkъ; як мяркуе Борысь (580), з больш ранняга *stru‑n‑ko з назалізацыяй ад і.-е. кораня *streu̯k‑ ‘быць цвёрдым’. Параўн. літ. striùkas ‘кароткі, адламаны’, лат. strûkulus ‘сопель’. Аналагічна Сной₁, 616; Бязлай, 3, 332. Далейшыя параўнанні з літ. strungas ‘кароткі, адламаны’, с.-в.-ням. strûch, ням. Strauch ‘куст’ (Гараеў, 350; Шустар-Шэўц, 1537) Фасмер (3, 783) лічыць нездавальняючымі. Махэк₂ (583) з улікам семантыкі роднаснымі лічыць літ. runkù, rùkti ‘моршчыцца, мяцца’ (спелыя стручкі ссохлыя, зморшчаныя); праславянскую форму *strukъ і *strǫkъ ён выводзіць з *roukos, адкуль з рухомым s‑ і ступенню ‑o‑ у корані *strukъ. Гл. таксама Глухак (59): на падставе серб.-харв. дво̀струк ‘падвойны’ лічыць асноўным значэннем ‘зморшчаны, сабраны ў складкі’, што ўзыходзіць да і.-е. *sreu‑ ‘цячы’. У карысць гэтага і значэнне ‘завіткі, кучары’, параўн. валасы ў струкі пакачалісе (Федар. 4).

Струк2 ‘франт’ (Бяльк.), хлопец, як струк (касцюк., Ліцв.). Параўноўваюць з рус. стрюк ‘дрэнны, агідны чалавек’, якое лічыцца вытворным ад бастрюк (гл. баструк); гл. Сабалеўскі, РФВ, 66, 345; Праабражэнскі, 2, 405; Фасмер, 3, 785 (прыводзіць яшчэ рус. стрю́цкие люди, г. зн. ‘нікчэмныя’, стрю́цкий, стрюцко́й ‘агідны, подлы чалавек’). Лаўчутэ (Балтизмы, 132) удакладняе лінгвагеаграфію і значэнне рускага слова: пск. стрюк ‘цясляр; мянушка чалавека’, ленінгр. ‘абадранец, валацуга’, арх., наўг., цвяр. стрю́цкий ‘басяк, абадранец; той, хто носіць залішне вузкія штаны’, — і мяркуе, што на фанетыку і семантыку рус. стрюк і роднасных паўплывала літ. striùkas ‘кароткі’, striùkas ‘каратышка, няўдачнік’, што, як здаецца, не мае падстаў, гл. Анікін, Опыт, 284. Хутчэй можна дапусціць развіццё семантыкі струк1, падобнае да серб.-харв. стру̑к ‘стан, корпус, талія’, што лічыцца інавацыяй (Скок, 3, 350).

Струкава́ты іран. ‘кучаравы’ (Янк. Мат., Сцяшк., Варл.), струкаве́нь ‘тс’ (Янк. Мат.). Да струк1; да семантыкі параўн. стручны (гл.), першаснае значэнне, відаць, з ‘вялікай колькасцю валасоў’, або ‘з валасамі, скручанымі як струкі’. Але параўн. польск. strąki na głowie ‘лохмы, космы’.

Стру́мант ‘інструмент, начынне’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.), стру́мянт ‘тс’ (Скарбы), стру́мэнт ‘тс’ (Сл. Брэс.), стру́мент ‘тс’ (Растарг.), струмэ́нт ‘тс’ (Байк. і Некр.), струме́нт ‘тс’ (Нас., Ян.), струме́нціна ‘тс’ (Касп., Нар. Гом.). Сюды ж інстру́мант ‘тс’ (Некр. і Байк.), гл. інструмент.

Струме́ль ‘насякомае багамол’ (Ласт.). Няясна.

Струме́нь ‘вузкі паток, цурок’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘рукаў ракі’ (ТС) ‘пахучая залоза (у бабра)’ (Полымя, 1970, 2, 156). Укр. стру́мінь, струмо́к ‘паток, ручай’, рус. стру́мень ‘ручай’, польск. strumień ‘ручай, паток’, чэш. strumen ‘крыніца, ставок’, н.-луж. tšumjeň ‘рэчка, ручай’, strumjeń ‘крыніца, канава’, славен. strúmen ‘паток; рукаў ракі’. Прасл. *strumy, Р. скл. *strumene дэрыват ад і.-е. кораня *sreu‑ ‘цячы’ з суф. ‑ту (Слаўскі, SP, 1, 125). Роднаснае літ. дыял. straumuõ ‘паток, ручай’, sriaumè ‘тс’, лат. stràume ‘цячэнне’, грэч. ῤεν̃μα ‘паток, струмень, цячэнне’, ст.-ісл. straumr ‘паток, рэчка’, ст.-ірл. srúaim ‘рака’, гал. stroom,, ст.-в.-ням. stroum, ням. Strom ‘паток’ і, далей, ст.-інд. srávati ‘цячэ’. Гл. Фасмер, 3, 783–784 з літ-рай; Махэк₂, 583; Борысь, 582; Бязлай, 3, 335; Шустар-Шэўц, 1549–1550; Глухак, 590. Параўн. струя (гл.).

*Струмкава́ты, струмкова́тый ‘няроўны, вузлаваты’ (Сл. Брэс.), струмковаты ‘тс’ (Уладз.). З струпковатый (гл. струпаваты) з менай п > м або, што больш дакладна фанетычна, з *страмкаваты < стромкі (гл.), магчыма, з першасным значэннем ‘той, які крута, туга спрадзены’.

Струна́ ‘туга нацягнуты адрэзак дроту, жылы ў музычных інструментах’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк.), ‘хорда’ (Байк. і Некр.), ‘пругкая вяроўка і пад. у розных прыстасаваннях, цеціва’ (ТСБМ, Ласт.), стру́ны ‘доўгія вяроўкі, якімі ўвязваюць калоду на санях і падсанках’ (ТС), сюды ж стру́нкі ‘стройны’, струні́ць ‘вучыць, настаўляць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр., рус. струна́ стараж.-рус. струна ‘волас, струна’, польск. struna, в.-луж. truna ‘цеціва’, н.-луж. tšuna ‘жыла’, чэш., славац. struna ‘струна’, серб.-харв. стру̏на ‘конскі волас; струна’, славен. strúna ‘тс’, балг. струна́ ‘струна; доўгі волас з конскага хваста або грывы’, макед. струна ‘струна; конскі волас’, ст.-слав. строуна ‘жыла, струна’. Прасл. *struna, дэрыват ад і.-е. кораня *streu̯‑ < *ster — ‘паласа, пруг, пасма, прамень’ з суф. ‑na; гл. Слаўскі, SP, 1, 116; Борысь, 582. Роднасныя ст.-в.-ням. stroum, strōm ‘канат’, с.-в.-ням. strieme ‘паласа, рубец’, далей, лац. struō, struere ‘накладваць, будаваць’ (Младэнаў, 613; Фасмер, 3, 784 з іншай літ-рай). Борысь (тамсама) параўноўвае яшчэ з літ. struniti ‘будаваць, ставіць’ і, звяртаючы ўвагу на семантыку слова ў паўднёваславянскіх мовах, мяркуе, што значэнне ‘струна ў музычным інструменце’ другаснае, яно было перанесена з дэсігната ‘жыла, волас (жывёліны)’ і да т. п. Гл. яшчэ Махэк₂, 583 (параўноўвае з авест. snāvar ‘нерв’, ст.-інд. snā‑van ‘цеціва’ і дапускае развіццё *sno‑ver > *sroven‑ > *srouna > *struna); Сной₁, 616 (параўноўвае з укр. посторо́нок, чэш. postranek ‘вяроўка для запрагання’, якія да і.-е. кораня *ster‑, *stre‑ ‘прамень’); ЕСУМ, 5, 452–453.