Астро́га ’зрубленае дрэва з абрэзанымі не да канца галінамі (сукамі)’ (Маш.), якое выкарыстоўваецца як ’лесвіца’ (Сержп.), ’барана’ (Сержп., Земл.), ’прыстасаванне для сушкі снапоў’ — астрагі́ (ДАБМ); сюды ж, відаць, і стражы́на ’прыстасаванне для сушкі’ (ДАБМ) са стратай пачатковага а‑. Такое ж значэнне мае балг. дыял. острог, острук ’дрэва з сукамі каля кашары, на якое вешаюць торбы, вёдры і г. д.’, ’жэрдка, вакол якой складваюць стог’. Блізкія значэнні зафіксаваны ў славенскай і сербскахарвацкай: ’жэрдка для стага’, ’кол для прывязвання вінаграднай лазы’. Бел. остро́жка ’шпора’ (Нас. Доп.), острожки ’шыпы на падковах’ (Булг.). У іншых славянскіх мовах слова мае значэнне ’шпоры’: рус., укр. острога, польск. ostroga, чэш., славац. ostroha, в.-луж. wótroha, памор. u̯ostróga, палаб. våstrügă, славен. ostróga > серб.-харв. о̀строга ’шпора’, рус. таксама ’восці’. Згодна з Міклашычам, 227; Далем, 2, 706; Брукнерам, 386; Фасмерам, 3, 166; Скокам; 2, 573, утворана ад кораня *ostr‑ з суфіксальным ‑g‑ (Мейе, Études, 354). Іначай Махэк₂, 420–421: да *ostroz̀iti > *ostrog, што менш верагодна. Гл. астрова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)