Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Кішкі́ ’мясістая сярэдзіна гарбуза, дзе знаходзіцца насенне’ (Жыв. сл., Нар. словатв., З нар. сл.). Да кішка 1 (гл.).

Кішку́н 1 ’нутрэц’ (Мат. Гом.). Гл. кішка 1.

Кішку́н 2 ’прагны, ненаедны чалавек’ (Жыв. сл.). Гл. кішкар.

Кішма — у выразе кішма кішэць (ТСБМ, Нас., ТС, Янк. БП). Гл. кішэць.

Кішо́к ’лазаніца звычайная, Lysimachia vulgaris L.’ (Кіс.). Іншая сінанімічная назва лазаніцы звычайнай дрывотнік гаворыць на карысць сувязі кішок з кішка. Словаўтваральную мадэль для назваў лекавых раслін на -ok тыпу любісток (Сцяцко, Лфікс. паз., 168).

Кішо́нка ’бакавая кішэня’ (Мас.), ’маленькая сумачка для захавання грошай’ (Касп.). Гл. кішэнь 1.

Кішчы́ны ’адходы пасля выціскання соку з чаго-небудзь’ (Сл. паўн.-зах.), ’мякаць гарбуза’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. кішкі. Нягледзячы на семантычную тоеснасць кішкі і кішчыны, словаўтваральная мадэль сведчыць аб аддзеяслоўным паходжанні разглядаемай лексемы ад кішчыць з незасведчаным значэннем ’выціскаць сок’ (параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 43–44).

Кі́шчыць ’чапляць махры, кутасы’ (Сл. паўн.-зах.). Да кісці 1 (гл.).

Кішчэ́рыны ’перакіслае малако’ (Сл. паўн.-зах.). Да кіснуць (гл.). Словаўтваральна да кішчыць ’квасіць’ (польск. kiszczyć ’квасіць’ ад kiszka ’кіслае малако’, гл. кішках). Ад кішчыць праз кішчэр — кішчэрыны. Для кішч‑эр можна ўказаць на аналагічныя ўтварэнні тыпу суфіксальных на ‑ер (‑эр) (Сцяцко, Афікс. наз., 100) і далейшымі змяненнямі пры дапамозе суфікса ‑іны (там жа, 43–44). Цяжкасці такога тлумачэння звязаны з тым, што ўтварэнні на -эр адпрыметнікавыя, а не аддзеяслоўныя.

Кішэ́нь 1, кішэ́ня ’ўшыты ў адзенне мяшочак для дробных рэчаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Янк. II, Сл. паўн.-зах., ТС, Мал., Ян., Грыг., Яруш., Др.-Падб., Мядзв.). У апошняй крыніцы адзначана як запазычанне з польскай мовы (параўн. Кюнэ, Poln., 64). Ст.-бел. кешаня, кішеня (з 1555 г.) (Булыка, Запазыч., 154), кишеня ’жывот’, польск. kieszeń ’кішэня’, чэш. kešena, славац. kešeň, kešeňa. Рус. кишеня ’жывот’ семантычна не суадносіцца з іншымі паралелямі і ў той жа час адпавядае палаб. tʼèsin ’страўнік’ (< *kъsenь), хоць апошняе мае іншую фанетычную структуру. Калі *kyšenʼa (= рус. кишеня) < *kyxenʼa < *kysenʼa, архетып, да якога ўзводзіцца палаб. форма, не рэалізаваў пераход s > x пасля й, што трэба лічыць неверагодным. Таму палаб. *kъsenь < *kъšenь, што тлумачыцца вядомым спарадычным пераходам š > s у палабскіх дыялектах. Такім чынам, прасл. kъšenь/kyšenʼa. Формы чэш. kešena, славац. kešeň, kešeňa — запазычанні з польскай мовы, дзе рэфлекс ъ > e рэгулярны (kieszeń). На беларускай і ўкраінскай моўнай глебе наглядаецца падвойны рэфлекс і кантамінацыя форм kъšenь і kyšenʼa (параўн. ст.-бел. кешеня і кішеня). Булыка (Запазыч., 154) разглядае іх як запазычанні з польскай мовы. З гэтым трэба пагадзіцца, але вывядзенне польск. kieszeń з тур. késé не адпавядае рэчаіснасці, бо храналагічна немагчымае (параўн. Слаўскі, 2, 158). Прасл. kъšenь, kyšenʼa аднаго паходжання з прасл. kyšьka (Бернекер, 503). Гл. кішка 1.

Кішэ́нь 2 ’малая ўкладка снапоў’ (ДАБМ). Да кішэнь 1. Малая ўкладка складалася з пастаўленых снапоў каласамі ўгору і была пакрыта зверху адным або двума снапамі каласамі ўніз нібы шапкай (гл. каментарыі да ДАБМ, карта 286). Такая ўкладка падобна да кішэні.

Кішэ́ць ’мітусліва рухацца ў розных напрамках’ (ТСБМ, Шат., Сл. паўн.-зах., Сержп., Нік. Напаў., КЭС, лаг.). Укр. кишіти, рус. кишеть ’тс’. Перш за ўсё гаворка пра насякомых, чарвей, змей. Адсюль параўнанне са ст.-чэш. ksenci (*kъš‑en‑ьcь) ’малькі, вывадак земнаводных’ (Зубаты, Studie, 1, 1, 33). Усходнеславянскія лексемы адпавядаюць прасл. kyšěti, якое генетычна суадносіцца з літ. kušė́ti ’кішэць’, kùšti ’пачаць рухацца (для масы жывых істот)’, kuštė́ti ’шавяліцца, варушыцца, развівацца’ (параўн. значэнне чэшскай паралелі), лат. kustêt ’рухацца, шавяліцца, варушыцца’ (Фасмер, 2, 242). У якасці іншых індаеўрапейскіх паралелей прапануюцца ст.-грэч. κυκάω ’змешваць, муціць, бурліць, мітусіцца’, κυκεών ’мешаніна’, κυκητής ’падбухторшчык’. Магчымасць супастаўлення прасл. kyšěti з літ. kušė́ti (ū: ŭ) і ст.-грэч. κυκάω выцякае з рэгулярнасці суадносін x ∼ š ∼ k, што ў сваю чаргу сведчыць аб k̑ як адной з крыніц прасл. x. Прасл. kyšěti < *kyxěti, літ. š у kušė́ti з і.-е. k̑, а k у старажытнагрэчаскіх формах пацвярджае гэту рэканструкцыю (Мартынаў, Слав. акком., 124–125).