Кі́снуць1 ’кіснуць’ (ТСБМ). Укр. киснути, рус. киснуть ’тс’, балг. кисна ’мокнуць, кіснуць’, серб.-харв. ки̏снути ’тс’, славен. kísniti ’кіснуць’, польск. kisnąć, чэш. kysnouti, славац. kysnuť, в.-луж. kisnyć, н.-луж. kisnyś ’тс’. Узводзіцца да прасл. *kysti, kysnǫti ’мокнуць’. Бліжэйшай паралеллю лічыцца лат. kûsât ’кіпець’ (фармальна адэкватна прасл. kysati, параўн. рас‑кісаць). Нягледзячы на блізкасць славянскага і латышскага дзеясловаў, застаюцца сумненні наконт іх генетычнай тоеснасці. Тым больш што лексіка іншых балтыйскіх моў не адпавядае гэтай пары ні фармальна, ні семантычна. Няма таксама надзейных адпаведнікаў за межамі балта-славянскай моўнай глебы (Бернекер, 1, 678–679; Траўтман, 147). Згодна з іншай версіяй, прасл. kysti, kysati звязваюцца з літ. kaužóti, gaužóti ’кіснуць’ (Яначак, LF, 59, 419; Шпэхт, KZ, 55, 9; Махэк, Recherches, 83–86). Гэта этымалогія адпавядае канцэпцыі аб прыярытэце семантычнай адэкватнасці над фармальнымі адпаведнасцямі. Дублетнасць па звонкасці — глухасці зычных назіраецца ў самім балтыйскім матэрыяле. Адносіны галосных адпавядаюць розным ступеням якаснага і колькаснага аблаўта. Да таго ж першая версія не выключае семантычна і фармальна другой. Параўн. лат. kûsât ’кіпець, бурліць, уздымацца’ і літ. kiaužóti ’ўздымацца, выгінацца’, kaužóti ’падымацца пры браджэнні’. Больш шырокі дыяпазон адпаведнасцей прымае Тапароў (K–L, 357–360), які, у прыватнасці, уключае ў адну групу генетычных паралелей лат. kûsât і літ. kùšti ’рухацца, шавяліцца, кішэць’. Калі не ісці далей па шляху семантычнага расшырэння гэтай групы паралелей, мы павінны будзем суаднесці прасл. kysti, kysnǫti ’кіснуць’ і прасл. kyšěti ’кішэць’ (гл. кішэць). Фармальна яны суадносяцца на аснове рэфлексацыі і.-е. як славянскага s або x (Мартынаў, Слав. акком., 109–129). Семантычна яны звязваюцца паняццем ’браджэнне’: ’бязладны, хаатычны рух’ > ’браджэнне’. Параўн. рус. бродить ’бадзяцца, блукаць’ і бродить ’брадзіць’.

Кі́снуць2 ’без упынку смяяцца’ (КЭС, лаг., Жд. 3), кіснуць са смеху ’нястрымна прыцішана смяяцца’ (ТСБМ, Юрч. Фраз. 2). Семантычна да першаснага значэння кіснуць1 ’мокнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)