Кішэ́нь1, кішэ́ня ’ўшыты ў адзенне мяшочак для дробных рэчаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Янк. II, Сл. паўн.-зах., ТС, Мал., Ян., Грыг., Яруш., Др.-Падб., Мядзв.). У апошняй крыніцы адзначана як запазычанне з польскай мовы (параўн. Кюнэ, Poln., 64). Ст.-бел. кешаня, кішеня (з 1555 г.) (Булыка, Запазыч., 154), кишеня ’жывот’, польск. kieszeń ’кішэня’, чэш. kešena, славац. kešeň, kešeňa. Рус. кишеня ’жывот’ семантычна не суадносіцца з іншымі паралелямі і ў той жа час адпавядае палаб. tʼèsin ’страўнік’ (< *kъsenь), хоць апошняе мае іншую фанетычную структуру. Калі *kyšenʼa (= рус. кишеня) < *kyxenʼa < *kysenʼa, архетып, да якога ўзводзіцца палаб. форма, не рэалізаваў пераход s > x пасля й, што трэба лічыць неверагодным. Таму палаб. *kъsenь < *kъšenь, што тлумачыцца вядомым спарадычным пераходам š > s у палабскіх дыялектах. Такім чынам, прасл. kъšenь/kyšenʼa. Формы чэш. kešena, славац. kešeň, kešeňa — запазычанні з польскай мовы, дзе рэфлекс ъ > e рэгулярны (kieszeń). На беларускай і ўкраінскай моўнай глебе наглядаецца падвойны рэфлекс і кантамінацыя форм kъšenь і kyšenʼa (параўн. ст.-бел. кешеня і кішеня). Булыка (Запазыч., 154) разглядае іх як запазычанні з польскай мовы. З гэтым трэба пагадзіцца, але вывядзенне польск. kieszeń з тур. késé не адпавядае рэчаіснасці, бо храналагічна немагчымае (параўн. Слаўскі, 2, 158). Прасл. kъšenь, kyšenʼa аднаго паходжання з прасл. kyšьka (Бернекер, 503). Гл. кішка1.

Кішэ́нь2 ’малая ўкладка снапоў’ (ДАБМ). Да кішэнь1. Малая ўкладка складалася з пастаўленых снапоў каласамі ўгору і была пакрыта зверху адным або двума снапамі каласамі ўніз нібы шапкай (гл. каментарыі да ДАБМ, карта 286). Такая ўкладка падобна да кішэні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)