Кі́шка1 ’частка стрававальнага апарата’ (ТСБМ, Мат. Гом., ТС, Сл. паўн.-зах., Грыг., Бяльк., Яруш.). Укр. кишка, рус. кишка ’тс’, балг. кишка ’квач для ўвільгатнення пальцаў пры прадзенні’, польск. kiszka ’кішка’, чэш. kyška ’тс’, палаб. tʼai̯sə (< *kyša) ’нырка’. Надзейнай этымалогіі не існуе. Ст.-інд. kósthaḥ ’вантробы’ не мае словаўтваральнага тлумачэння (ад і.-е. *(s)keu̯‑ ’пакрываць’). Гл. Бернекер, 679; Покарны, 951–953. Да іншага індаеўрапейскага архетыпа ўзводзіць прасл. kyšьka Янзен (ZfSIPh, 15, 49–60): і.-е. *keu̯ *kū‑s ’выпукласць’. Нельга лічыць таксама надзейным супастаўленне з прасл. kyšěti ’кішэць’ (гл. кішэць) (Брукнер, 231). Існуе магчымасць больш простай версіі. Балг. кишка ’квач для ўвільгатнення пальцаў’, бясспрэчна, да киша ’слота, хлюпа’ (серб.-харв. кѝшати ’мачыць, размочваць’). Параўн. польск. kiszka ’кіслае малако’, чэш. kyška ’тс’. Гэта, магчыма, значыць, што старажытны чалавек меў некаторае ўяўленне пра наяўнасць брадзільных працэсаў у кішэчніку (параўн. Янзен, 59–60).

Кі́шка2 ’хамуціна’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.). Параўн. кічка1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)