Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кі́па ’вязка, пачак якіх-небудзь прадметаў’ (ТСБМ). Ст.-бел. кипа ’тс’ (з 1593 г.) (Булыка, Запазыч., 154), ’сноп бобу’ (Сл. паўн.-зах.), ’лазовая аплётка для бутэлькі’ (Мат. Гом.). Магчыма, формы, якія выступаюць у першым і другім значэннях, амонімы рознага паходжання. Тады бел. кіпа ’вязка, пачак’, укр. кипа ’тс’ праз рус. кипа ’тс’ з с.-н.-ням. kip ’тс’ (гл. Фасмер, 2, 235). А кіпа ’сноп бобу’ з літ. kypà ’куча, частка капы’ (Сл. паўн.-зах., 463). Але літ. kypà само разглядаецца як запазычанне з рус. кипа (Фрэнкель, 255). Цікава разгледзець трэцяе значэнне, якое яўна паходзіць ад с.-н.-ням. kīpe ’плеценая карзіна’ (Клюге, 367). Нямецкая форма ў сваю чаргу з’яўляецца непасрэднай крыніцай літ. kýpas ’тс’. Сумненне выклікае рускае паходжанне літ. kypà ’частка капы’, паколькі рус. кипа не мае сельскагаспадарчага значэн ня. З іншага боку бел. кіпа ’сноп бобу’ цесна звязана з літоўскім. Гэта дае падставу разглядаць слова ў другім значэнні асобна як амонім іншага паходжання. Не выключана, што бел. кіпа < *kypa суадносіцца з купа.

Кі́паць ’кіпцюр, ногаць’ (Др.-Падб., Гарэц., Шат., Мат. Маг., Шпіл.). Гл. кіпець.

Кіпдзюры́ ’кіпцюры (у мышкі)’ (Сержп.). Гл. кіпцюры.

Кі́пень ’квецень’, ’гарачыня, спёка’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Некр., Бір., ТС, Бяльк., Сцяц.). Гл. кіпецень, кіпець.

Кі́петак ’кіпень, ’вар’ (Ян., Мат. Гом.). З рус. кипяток.

Кі́пецень ’вар’ (ТСБМ, Мат. Гом., Яўс., Жд. 3). Гл. кіпень, кіпець.

Кі́пець ’пазногаць, кіпцюр, ногаць’ (ТСБМ, Янк. 1, Мат. Гом., Некр., ТС, КЭС, лаг., Мал., Сл. паўн.-зах., Грыг., Мат. АС, Касп., Яруш.). Верагоднае запазычанне з балтыйскіх моў. Параўн. літ. kìbčius ’задзіра’, kė́pčiotis ’задзірацца’ (Сл. паўн.-зах., 463). Арашонкава і інш. (Весці АН БССР, 1971, 1, 93) сцвярджалі сувязь з літ. kìbti ’чапляцца’, kìbčius ’той, хто чапляецца’ без кваліфікацыі характару гэтай сувязі. Упершыню беларускія словы разглядаліся як запазычаныя з балтыйскіх моў у Лаўчутэ (Балтизмы, 114).

Кіпе́ць ’бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні вадкасці’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’варыцца’ (Сл. паўн.-зах.), ’гніць, псавацца’ (Янк.), кіпець на сэрцы ’моцна злавацца, крыўдзіцца, знешне не выказваючы пачуццяў’ (Юрч. Фраз. 2), укр. кипіти, рус. кипеть ’тс’, балг. кипя, макед. кипи, серб.-харв. ки́пети, славен. kipéti, польск. kipieć, чэш. kypěti, славац. kypieť, н.-луж. kipieś ’тс’, ст.-слав. кыпѣти і в.-луж. kipić маюць значэнне ’выцякаць’. Яшчэ балта-славянская інавацыя: параўн. літ. kūpė́ti ’кіпець’, ’выцякаць’. Іншыя балтыйскія паралелі маюць больш далёкую семантыку. Параўн. лат. kûpêt ’дыміцца’ і ст.-прус. kupsins ’імгла’ (Тапароў, K–L, 296–300). Астатнія індаеўрапейскія паралелі яшчэ больш далёкія па сваёй семантыцы: ст.-інд. kúpyati ’гневацца’, лац. cupio ’жадаю’ і інш. (Фрэнкель, 325). Як відаць з гэтага, балта-славянскія значэнні больш старажытныя. Далейшы семантычны аналіз вядзе да прасторавых паняццяў «выпукласці» і «ўвагнутасці», якія ляжаць у аснове кіпення. Параўн. ст.-іран. kaufа ’гара’ і ст.-інд. kū́pa ’яма’ (Тапароў, там жа, 298).

Кі́піцінь ’нараст у сабакі на языку’ (КЭС, лаг.). Гл. кіпіць.

Кі́піць ’невялікі нараст на языку ў старых курэй’ (Мядзв.). Да кіпець (гл.). Назва па знешняму падабенству рагавой абалонкі. Параўн. кіпяць (гл.).

Кі́пка ’ніша ў печы для сушкі радна і рукавіц’β (Дразд., Шушк.). Гл. кебка.