Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кіч ’купіна’ (Касп., Шн.). Да куча2 (гл.).

Кі́чаўка ’купіна, накапаны курган зямлі’, ’тычка’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. кіч.

Кічка1 ’гронка’ (Мат. Гом.), ’хамуціна, падціснутая пад клешнямі хамута’, ’валік з ануч, які насілі маладзіцы пад чапцом’ (Нар. словатв., Тарнацкі, Studia). Рус. кичка ’сабраныя ў пучок валасы жанчыны’, укр. кичка ’старадаўні галаўны ўбор жанчыны’, ’пракладка пад хамутом’, балг. кичка ’галаўны ўбор’, серб.-харв. (ц.-слав.) кычька ’валасы’, польск. kiczka ’пучок, звязка, маленькі сноп саломы, валік валасоў у жанчыны’, чэш. kyčka ’пучок валасоў, чуб, кутас, вязка’. Да прасл. kyčьka < kyka. Параўн. укр. кика ’галаўны ўбор маладой’, рус. кика ’жаночы галаўны ўбор’, ’частка хамута’, ст.-рус. кыка ’валасы на галаве, павязка’, ст.-слав. кыка ’пучок валасоў’, балг. кика ’тс’, серб.-харв. ки̏ка ’каса’, славен. кіка ’пучок валасоў’. Параўн. апафанічныя варыянты: лат. kika ’чуб’, ст.-інд. kucáte ’звіваецца’. Махэк₁, 243 мяркуе аб першасным значэнні ’пучок валасоў, чуб’ для прасл. kyka.

Кі́чка2 ’сечка (для рубкі чаго-небудзь)’ (Мат. Гом.). Няясна. Магчыма кантамінацыя, семантычнае прыпадабненне кічка1 да сечка.

Кічо́ўнік ’месца, пакрытае цвёрдымі купінамі на балоце, на сенажатных лугавінах’ (Яшк.). Гл. кіч.

Кічу́к ’начынены мясам страўнік’ (Вешт., ТС). Абсалютны сінонім да кіндзюк (гл.). Калі лічыць гэтыя словы аднаго паходжання, цяжка вытлумачыць фанетычныя змены (кін‑ дзюк > *кідзюк > *кіцюк > *кічук). Трэба памятаць, што дакладная цюркская крыніца для кіндзюк таксама адсутнічае.