Ата́ра ’вялікі гурт авечак’. Рус., укр. ота́ра ’тс’. У данскіх помніках пачатку XVII ст. — зямельнае ўгоддзе, паша’, укр. палес. ’загарадзь для адпачынку жывёлы, кашара’. З цюрк. отар ’паша’, ’гурт авечак’ у рускую і ўкраінскую мовы, адкуль у беларускую. Паводле Дзмітрыева (Строй, 524, 541), крыніцай маглі быць як крымскія, так і паўночнакаўказскія цюркскія мовы; адсутнасць слова ў заходніх і паўднёвых славянскіх мовах, у закарпацкіх украінскіх гаворках сведчыць хутчэй аб каўказскім арэале. Цюркскае слова этымалагізуецца ад от‑ ’трава’. Нельга выключыць магчымасці запазычання з казанска-татарскага утар ’пастаўнік’, на што ўказвалі Гараеў, 449; Фасмер, 3, 169, але пашырэнне слова ва ўкраінскай мове ператварае каўказскую этымалогію ў больш верагодную.
Атарапе́ць. Рус. оторопе́ть, укр. оторопі́ти ’тс’, оторопи́ти ’здзівіць, зрабіць аслупянелым’, ст.-рус. оторопъ ’спалох’. Тлумачэнне Шанскага (КЭСРЯ, 318), відаць, дакладна прадстаўляе словаўтваральную гісторыю слова ад *тороп ’спех’. У сувязі з гэтым надзвычай важна, што ў беларускай мове засведчана торап ’спалох, страх’ (Нас.: то́ропъ), адкуль і тарапі́цца ’пужацца’ (пра коней). Ад гэтага торап пры дапамозе цыркумфікса *о‑ — ‑ець і ўтвораны дзеяслоў атарапець.
Ата́рыца ’частка панскай зямлі, засеяная парабкам для сябе’ (Нас., Чач., Гарэц.), ’асабістая даходная праца’ (Мядзв.), ’ралля, прыгатаваная пад пасеў’ (КЭС). У блізкім значэнні слова выкарыстоўваецца ў «Рускай праўдзе» (Сразн.): отарица. Спрэчна. Карскі (Труды, 391) лічыць запазычаннем з літ. ãtaras ’баразна з краю нівы’. Карскі супраць сувязі з дзеясловам араць, таму што ў гэтым выпадку чакалася б *аторыца (параўн. атор(а)). Урбуціс (Baltistica V (1), 1969, 48) лічыць, што бел. атарыца ўтворана ад атара (гл.) ’гурт авечак’ і ’зямельнае ўгоддзе’. Значэнне атарыца ’пасаг’, у тым ліку ’жывёла, што даецца як пасаг’ (Мат. дыял. канф., 77), укр. дыял. палес. атарица ’пасаг’ указвае на магчымасць іменна такога (ад атара) паходжання слова.
Атачы́ць ’акружыць’ (Гарэц.). У рускай пашырана на захадзе, укр. оточити, польск. otoczyć ’тс’, чэш. otočiti, славац. otočiť ’акружыць, павярнуць, пакрыць, абвязаць’, славен. otočati ’акружаць’. Дзеяслоў точити засведчаны ў ст.-рус. у значэнні ’гнаць, ездзіць’, аналагічныя значэнні вядомыя сучаснай чэшскай і славацкай мовам, дзе таксама дзеяслоў točiti ўказвае на вакольны, кругавы рух, паварот. Гэта значэнне і было, відаць, першасным для пашыранага цяпер у шэрагу славянскіх моў значэння слова атачыць ’акружыць’. Улічваючы адзінкавасць беларускага прыкладу, можна меркаваць пра яго запазычаны (відаць, з польскай) характар.
Аташэ́ ’спецыяліст-кансультант пры пасольстве’. Новае (XX ст.) запазычанне з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 78), дзе з франц. attaché (Курс суч., 166) у сярэдзіне XIX ст. (Шанскі, 1, А, 173).
Атаяса́міць ’прызнаць такім жа, аднолькавым’. Складаны дзеяслоў, утвораны са спалучэння той самы пры дапамозе цыркумфікса а‑ — ‑іць.
Атваро́г ’тварог’ (Жд., Кліх), ’скіслае малако’ (Інстр. I). Паводле Карскага 1, 261, а‑ — прыстаўное да тварог (гл.).
*Атверніцкая: «отве́рницкое наречие» (Рам.). Рус. отверница ’іншасказ’. Паводле Раманава, 9, 4: «гаворка называецца атверніцкай таму, што прататыпам яе тут была звычайная мова, але з «адварачваннем» складоў, г. зн. з перастаноўкай складоў, устаўкай паміж імі часціц». Параўн. яшчэ ў Даля отвертчивый ’хто ўмее адвярцецца’. Нельга быць упэўненым, што этымалогія Раманава не адлюстраванне народнай этымалогіі. Пры наяўнасці ў жаргонах значных гукавых змен цалкам магчыма ўбачыць у атверніцкі змену польск. ochwieśnicki (адкуль, паводле Арапава — РР, 1968, 4, 117; Этимология, 1964, 120, — рус. офеня, офенский). Гл. ахвес.
Атво́ная ’пакатая, спадзістая (пра страху)’ (Інстр. II). Рус. дыял. отвон(н)ый ’знешні’, ’пакаты, спадзісты’. Для значэння ’знешні’ слова этымалагізуецца лёгка, з тым самым вон‑, што ў вон‑кавы: з от + вън‑ьн‑ыи. Далейшае — перанос значэння на ’спадзісты’ звязаны, відаць, са стратай унутранай формы.
Атла́ндзер, атла́ндзір ’бестурботны, вісус, гультай’ (Бяльк., Юрч.). Няясна. Можа ад атлант ’статуя, што падпірае частку будынка’ (паводле ст.-грэч. міфалагічнага гіганта Атланта, які падпіраў Зямлю)?