Тарапі́цца1 ’спяшацца’ (Бяльк.; паст., навагр., Сл. ПЗБ), сюды ж таро́пкі ’які спяшаецца’ (ТСБМ), тарапкі́ ’паспешлівы, жвавы’ (Ян.), тарапо́к, тарапу́н ’хто заўсёды спяшаецца’ (Барад.), торопʼя́к ’паспешлівы, хапатлівы чалавек’ (Клім.), тараплі́вы ’хуткі ў рабоце’ (дзятл., ЛА, 3), ’паспешлівы, хапатлівы’ (паст., Сл. ПЗБ), торопли́вый ’тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. дыял. торо́пи́ти ’прыспешваць’, рус. торопи́тъ ’тс’, торопи́ться ’спяшацца’, чэш. дыял. trap ’спех’, серб.-харв. тра̀пати ’хутка ісці, спяшацца’. З прасл. *torpiti, якое не мае агульнапрынятай этымалогіі. Звязваюць з *torpěti ’бянтэжыцца, ніякавець, адчуваць нязручнасць’ (Чарных, 2, 252; Анікін, ОЛА, Исследов., 1984, 287 і наст.); супастаўляюць з грэч. τρέπω ’паварочваю’, лац. trepit ’паварочвае’, ст.-інд. trápatē ’бянтэжыцца’ (першапачаткова ’адварочвацца’), tṛprá ’неспакойны’ (Вальдэ-Гофман, 2, 702; Персан, Beitr., 954), адкуль першаснае значэнне ’вёрткі’; мяркуюць, што можа быць роднасным да літ. tarpà ’працвітанне, зрастанне’, tar̃pti ’працвітаць’, лат. tãrpa ’сіла, здатнасць’, tãrps ’дужы’, ст.-інд. tṛ́pyati (tṛpṇṓti, tárpati) ’насычаецца, атрымлівае задавальненне’, грэч. τέρπω ’насычаю, радую’ (Фасмер, 4, 85 і інш.). Звязваюць з літ. stropė́i ’быць старанным’, stropiti ’зрабіцца старанным’ (Махэк₂, 649). Пра магчымую сувязь з гукапераймальнымі словамі гл. Копечны, Зб. Младэнаву, 378. Гл. тарапат.

Тарапі́цца2 ’ўглядацца, пужліва насцярожвацца (пра каня)’ (Мал.), сюды ж торопі͡еті ’здрыгануцца, скалануцца’, торо́пко ’са страхам’ (Вруб.), таро́пно ’страшна’ (Скарбы). Укр. торопи́тися ’баяцца’, рус. торопе́ть ’бянтэжыцца, пужацца, палохацца’, польск. tropić się ’бянтэжыцца, ніякавець’, в.-луж. trapić so ’быць прыгнечаным; палохаць’, славен. trapiti ’мучыць; дакучаць’, балг. тра́пен ’збіты з панталыку, азадачаны’. З прасл. *torpěti ’палохацца’, якое звязана з *torpiti ’прыспешваць’, *t​ьr̥pěti ’цярпець’. Роднаснае да лац. torpeo ’знаходжуся ў здранцвенні, аслупяненні’, літ. strópti ’рабіцца сухім, цвёрдым (пра печыва)’ з развіццём семантыкі ’цвёрды’ — ’здранцвелы’ — ’спалоханы’ (Фасмер, 4, 85–86; Брукнер, 575; Чарных, 2, 252; ЕСУМ, 5, 607; Голуб-Ліер, 487, 491; Шустар-Шэўц, 1525). Гл. торап.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)