Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ато́ злучнік ’калі не, то’ (Нас., Касп.), ’таму што’ (Шат.), ’неадкладна, толькі што’ (Бір. дыс.). Рус., укр. ато́ з блізкімі значэннямі. З злучніка а + займеннік то; параўн. ат. Бернекер, 1, 21; Рудніцкі, 1, 40; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 5. З дадаткам часціцы ўтворана атож (Касп.).

Ато́жылак ’парастак’; у іншым словаўтваральным афармленні: атожалля (Янк. Мат.); атожылле (КТС); атожилка (Яруш.). З літ. atãžala ’парастак’ (часцей atžalà, не выключана і *atóžala). Формы з ‑ы‑ замест ‑а‑ ў ненаціскной пазіцыі адлюстроўваюць народнаэтымалагічнае атаясамленне з коранем жыць, словам жыла, адкуль і значэнне ’адгалінаванне геалагічнай жылы’, паралельнае рус. отжилок. Літоўскае слова добра тлумачыцца з прэфіксальнага at‑ (ata‑, ato‑) і карэннага žãlias ’зялёны’.

Ато́ка ’рукаў ракі’ (Касп., Яшкін), ’востраў’ (Яшкін. дыс.), ст.-бел. отокъ ’тс’. Рус. дыял. ото́к ’тс’, ото́ка ’нізіна; сажалка’, польск. otok ’востраў’ (Нітшэ, 198, 298), ст.-польск. otok ’рака’, ’луг, абкружаны вадой’, otoka ’частка лесу з пасекай’. Серб.-харв. о̏ток ’востраў’, о̏тока ’рукаў ракі’ (Шутц, Geogr., 69, 71, 80), балг. дыял. оток ’ручай’ (ZfslPh, 9, 37), славен. otòk ’востраў’. Ст.-слав. отокъ ’тс’, ст.-рус. отокъ ’востраў’, ’мыс’, ’край’. Абодва сучасныя беларускія значэнні да праслав. *tek‑/tok‑, але ў значэнні ’рукаў ракі’, відаць, з прэфіксам otъ‑ (*ototok‑a), а ў значэнні востраў з прэфіксам o(b)‑, у першым выпадку — ’тое, што адцякае’ (параўн. пратока, прытока), а ў другім — ’тое, што абкружае’ (параўн. атачыць). Думка Блесэ, SB, V, 8, пра запазычанне з балтыйскай гэтага слова (параўн. літ. дыял. ãttaka(s), лат. attaka ’рукаў ракі, востраў’) выклікае абгрунтаваныя сумненні Урбуціса, Baltistica, V (1), 1969, 48; улічваючы пашырэнне славянскіх слоў, тут хутчэй балтыйскае запазычанне з беларускай. Мартынаў (SlW, 61–62) лічыць, што абодва значэнні атока вынікалі на аднолькавай фармальнай базе: *o(b)‑tok‑a, толькі ў адным выпадку гэтым словам абазначалася ’тое, што абцякае’, а ў другім — ’тое, вакол чаго абцякае’ (тое, што абцякаецца). Ён таксама лічыць, што бел.-серб.-харв. ізалекса дазваляе лічыць праслав. otokъ абазначэннем рачнога вострава ў процілегласць да *ostrovъ ’востраў наогул’ (параўн., аднак, у Бярынды: отокъ морскій: отнога, лиман, або островъ, выспа).

Ато́нне ’астатак, падонкі’ (Касп.). Рус. дыял. ото́нок, ото́ночка ’тонкая абалонка, шкарлупіна’. Няясна. Відаць, ад кораня тон‑ (тонкі) праз дзеяслоў, зафіксаваны ў Даля отонить ’зрабіць тонкім’ (з *otonьnьje). Магчыма, кантамінацыя з адонне (гл.).

Ато́пак ’стары стаптаны абутак’ (Нас., Інстр. I, Мядзв., Касп., Янк. I, Бяльк., Юрч., Янк. Мат.), ато́пкі ’абноскі’ (БРС). Другое значэнне, відаць, пашырэнне першага. Рус. отопок, отоптыш ’тс’. Утворана ў рускай і беларускай мовах ад дзеяслова а(б)таптаць пры дапамозе суфікса ‑ак (‑ок), як і растопак ’атопак’ (Касп.) ад дзеяслова растоптваць.

Ато́р ’вузкі загон, узараны ўроскідку, пры другім поўным загоне’, ’частка загона, узараная асобна’ (Сцяшк., Сцяц., Лекс. Палесся, 51, 54 з картай). У блізкіх значэннях зафіксавана на ўсходнім Палессі атора, аторка (Лекс. Палесся, 54), аторак, аторыч (Выг. дыс.). Утворана, магчыма, як аддзеяслоўны назоўнік ад дзеяслова *атараць з коранем *or‑ і прэфіксам *ot‑, Лекс. Палесся, 54; параўн. адор, адорак ’вузкая градка бульбы’ (Шчарб.), якія маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах. Параўн., аднак, літ. atarà, ãtaras ’канец нівы, папярочная баразна’, лат. atara ’тс’, atar̂t ’паварочваць плуг’, што робіць магчымым таксама запазычанне з балтыйскай на гродзенска-палескім арэале.

Ато́ра ’амецце’, ’дробная салома’ (Нас., Гарэц., Касп., Юрч., Серб., ЭШ, Бяльк., Інстр. лекс.). У Насовіча і Бялькевіча таксама ато́ря, ато́рьря, ато́рка, ото́рье ’тс’; аторніца ’лубка ў якой носяць атару’. Рус. дыял. (паўднёвае, заходняе) отора, оторье ’тс’, бранск. атора, аторя, оторье; укр. дыял. сум. атора. Рус. смал. оторница ’лубка для саломы, сена’. Паводле Праабражэнскага, 2, 136, якога падтрымлівае Фасмер, 3, 172, звязана з коранем *ter/tor, прадстаўленым у дзеяяслове церці; дакладней Даль, 2, 743, які змяшчаў отора, оторя ў артыкул оторять, оторить ’абмалаціць, раздрабніць шляхам трэння’; гэта і сапраўды аддзеяслоўны назоўнік ад згаданага дзеяслова (не адзначанага ў беларускіх слоўніках).

Ато́рва ’вісус, гультай’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Юрч.). Рус. маск. оторва, оторвиголова ’тс’. Параўн. сарвігалава; рус. сорванец, сорвиголова, укр. урвиголова, урвитель, зірвиголова. Паралелі шыбенік ’нягоднік’ (< ’павешаны’), укр. шибеник ’гультай’, польск. wisus, магчыма, рус. повеса з аналагічным пераасэнсаваннем даюць магчымасць прыняць як дапушчальнае этымалагічнае тлумачэнне Насовіча, 377: «нібы сарваўся з шыбеніцы». Магчыма і іначай: параўн. рус. сорваться с цепи, бел. дыял. сарвілаўшчына ’беднасць з-за ляноты’; рус. хоть голову оторви і інш. Так ці інакш аторва, сарвігалава адлюстроўваюць корань дзеяслова рв‑аць (гл.), у дадзеным выпадку з прэфіксам ато‑ (*otъ‑); утворана слова як бязафіксны назоўнік ад дзеяслова.

Ато́са (БРС), ато́с (Шат.), отʼо́са (Маслен.), ато́снік ’канец атосы’ (Маслен., Бяльк.), ато́ска, атосіна (Нас., Бяльк.), заотʼосник, наотʼосник, приотʼосник (Маслен.). Рус. дыял. паўд.-зах. отоса, отос, атос, атосы, атоса, укр. отеса, отісонька, польск. ociosy, otos(a), odos. Ст.-бел. отосе (1643). Паходжанне спрэчнае. Паводле Даля — з спалучэння от оси; Сцяц. (Слозаўтв., 177) лічыць прэфіксальным, у карысць чаго падосак ’дэталь воза’ (Касп.), польск. форма odos і шэраг іншых польскіх прэфіксальных назваў дэталей воза: nadośka, naośnik, zaośnik, podośnik. Супраць формы тыпу ацёса і пад. Таму нельга выключыць, што гэта народная этымалогія. Насовіч (Сб., 377), Атрэмбскі (SOc., 19, 457), Фрэнкель (756), Лаўчутэ (Kalbotyra, XXII (2), 83) і інш. (агляд — Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 84) лічаць запазычаннямі з літ. atãsaja, atãseja, лат. atsèja. Яблонскіс (296) уключыў слова атоса ў спіс «прапушчаных і няясных слоў». Супрун (Лекс. балтызмы, 43), Урбуціс (Baltistica, V (2), 1969, 161) далучаюць атоса да праблематычных балтызмаў. У сувязі са спробамі этымалагізацыі слова на славянскім грунце трэба ўлічыць яшчэ натоснік (Мядзв.) ’тое ж, што атоснік’ — ’канец атосы’; стос(а) частка воза’, укр. бойк. затоса ’атоса’ (Кміт па вусн. павед. Краўчука), што можа звязаць слова з коранем *tos‑, *tъs‑, а таксама словы тыпу рус. потесь ’гатунак вясла’, ст.-рус. потесъ ’зарубка’, што можа звязаць з коранем *tes‑ (цясаць).

Аточыны ’нутраное сала’, ’ператоплены тлушч’ (Лекс. Палесся, 134, 136; слонім, Арх. Бяльк.). Укр. оточини ’кішачны тлушч’, ’зерне ці мука, што застаецца пасля прасявання праз рэшата’, рус. оточа, оточка ’агрызкі, смецце, што нагрызлі мышы’. Славац. дыял. otoky, otočky ’нутраное сала’, славен. obtòč ’клаака’ (ці сюды?). З суф. *‑iny (мн. л.) ад дзеяслова *otočiti; верагодна, паводле Вештарт, Лекс. Палесся, 136, першага ’кішачнае сала’, г. зн. тое сала, што аточвае, акружае кішкі’. Аднак і ’ператопленае сала’, хаця менш пашыраная назва, можа тлумачыцца ў сувязі са значэннем ’абцякаць’, нельга выключыць і сувязі з назвай клаакі, якая звязваецца з дзеясловам *odtočiti зліваць’. Параўн. тачыць ’ліць’.