Ату́ 1 ’вазьмі’ (паляўнічы выгук) (БРС), ату‑ату (Нас.). Рус. ату, укр. ату, атю ’тс’. Зафіксаваны ў рускіх слоўніках з 1789 г. Паводле Фасмера, 1, 96; Шанскага, 1, А, 174, з франц. à tout (тады беларускае, украінскае з рускай). Згодна з Праабражэнскім, 1, 10, гукапераймальнае. Магчыма (як у Рудніцкага, 41), складанае з a‑ту (параўн. ат, ась, ату 2). Няясна.
Ату́ 2 ’выгук прыкрасці’ (Нас.). Рус. дыял. ату, атю (пск., смал.). Верагодна, з а‑ і займеннікавага ту (параўн. ату 1; ат, ась, ацю).
Ату́га ’цяжкія акалічнасці’ (Нас., Гарэц.). Укр. отуга ’тс’, рус. дыял. отуга ’дзеянне па дзеяслову отужать ’рабіць тужэй’. Параўн. ст.-рус. отътуга ’палягчэнне’. Бязафіксная форма аддзеяслоўнага назоўніка з чаргаваннем у — я (< ǫ — ę) ад дзеяслова, роднаснага абцяжваць (*otęžati; ст.-слав. отѧжати ’абцяжваць’). Параўн. туга, натуга.
Атудзе́нчыць ’аддзякаваць’ (Касп.). З польск. дыял. odwdzięczyć ’тс’, часткова перааформленага фанетычна ў пачатку слова. Параўн. дзенчыць, дзякаваць (гл.).
Атуме́ка ’намёк’ (Касп., ЭШ). Рус. дыял. отумеком ’іншым чынам’. Магчыма, да кораня мек‑: кумекаць, мекаць, намёк; з прэфіксамі ат‑ і у‑ ўтвораны дзеяслоў, ад якога бязафіксны назоўнік. Параўн. рус. мекать, невдомек, смекалка і інш. Гл. мекаць.
*Ату́шаны, оту́шаный ’уцеплены’ (Клім.). Дзеепрыметнік ад дзеяслова *атушыць ’уцяпліць’, звязанага з захаваным ва ўкраінскай мове тушкува́ти шчыльна закрываць, укутваць’; параўн. тушыць ’гатаваць ежу ў закрытым посудзе’ (Нас.). Гл. тушыць.