Атла́ндзер, атла́ндзір ’бестурботны, вісус, гультай’ (Бяльк., Юрч.). Няясна. Можа ад атлант ’статуя, што падпірае частку будынка’ (паводле ст.-грэч. міфалагічнага гіганта Атланта, які падпіраў Зямлю)?
Атла́с 1 ’гатунак тканіны’ (БРС). Агульнаеўрапейскае слова ўсходняга паходжання. У старарускай мове з 1453 (Шанскі, 1, А, 171); у ст.-бел. з 1511 у форме отласъ (Булыка, Запазыч., 33), з 1555 — атлас. Ст.-укр. гатласъ у 1627 (атласъ з XVIII ст.), даўнейшыя старарускія прыклады ў Сразнеўскага ў форме отласъ (XVI ст.). Ст.-польск. hatłas (Sł. staropolski). Канчатковая крыніца араб. атлас гладкі’ (корань т‑л‑с). Паводле Шанскага, у рускай мове з цюрк. атлас (з арабскай) не пазней XV ст. Паводле Фасмера, 1, 96 (які не ведаў выпадку ўжывання слова ў XV ст.), у рускай з польскай ці нямецкай, якія ўзыходзяць да арабскай. Улічваючы гандлёвыя зносіны з Усходам, заходняе пасрэдніцтва для рускай мовы не неабходна. У беларускую мову слова магло трапіць як праз рускую, так і праз польскую.
А́тлас 2 ’збор карт’. Інтэрнацыяналізм; у беларускай мове. з рускай, дзе з пачатку XVIII ст. з ням. Atlas (Шанскі, 1, А, 171) ці з галандскай або лацінскай. Гэта назва ўзыходзіць да назвы працы Меркатара Atlas (Дуісбург, 1595), папулярнай у той час і перавыдадзенай у скарочаным выглядзе некалькі разоў у першай палавіне XVII ст. Фасмер, 1, 96; Махэк₂, 39.
Атле́т ’спартсмен, чалавек моцнага целаскладу і вялікай фізічнай сілы’. Рус., укр. атлет ’спартсмен, цыркавы артыст’, польск. atleta ’спартсмен, сілач’, чэш., славац. atlet і г. д. У беларускай мове з рускай, дзе з нямецкай ці французскай (Фасмер, 1, 36), дзе з лацінскай (< ст.-грэч. ἀθλητής ’удзельнік спаборніцтва, барэц’). У рускай слова з XVIII ст. У народных гаворках пашырана атлёт ’дужы, моцны чалавек’, якое адлюстроўвае, відаць, кантамінацыю з адлёт (гл.); вандроўныя цыркі маглі ’спрыяць і засваенню слова атлет у форме атлёт, вядомай і рускім дыялектам у значэнні ’зух’. На грэчаскую крыніцу атлет указваў Булахаў, Курс суч., 163; параўн. Шанскі, 1, А, 171; Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 123.