Атла́с1 ’гатунак тканіны’ (БРС). Агульнаеўрапейскае слова ўсходняга паходжання. У старарускай мове з 1453 (Шанскі, 1, А, 171); у ст.-бел. з 1511 у форме отласъ (Булыка, Запазыч., 33), з 1555 — атлас. Ст.-укр. гатласъ у 1627 (атласъ з XVIII ст.), даўнейшыя старарускія прыклады ў Сразнеўскага ў форме отласъ (XVI ст.). Ст.-польск. hatłas (Sł. staropolski). Канчатковая крыніца араб. атлас гладкі’ (корань т‑л‑с). Паводле Шанскага, у рускай мове з цюрк. атлас (з арабскай) не пазней XV ст. Паводле Фасмера, 1, 96 (які не ведаў выпадку ўжывання слова ў XV ст.), у рускай з польскай ці нямецкай, якія ўзыходзяць да арабскай. Улічваючы гандлёвыя зносіны з Усходам, заходняе пасрэдніцтва для рускай мовы не неабходна. У беларускую мову слова магло трапіць як праз рускую, так і праз польскую.

А́тлас2 ’збор карт’. Інтэрнацыяналізм; у беларускай мове. з рускай, дзе з пачатку XVIII ст. з ням. Atlas (Шанскі, 1, А, 171) ці з галандскай або лацінскай. Гэта назва ўзыходзіць да назвы працы Меркатара Atlas (Дуісбург, 1595), папулярнай у той час і перавыдадзенай у скарочаным выглядзе некалькі разоў у першай палавіне XVII ст. Фасмер, 1, 96; Махэк₂, 39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)