Во́рапень ’гультай, лежабок’ (Бяльк.). Магчыма, з варапай (гл.) з прычыны генералізацыі адмоўнай ацэнкі. Але параўн. рус. дыял. воропи́счина ’дубіна, палка’ і літ. vir̃ptis ’жэрдка, шост’, vir̃pstas ’тс’ (Іванаў, Тапароў, Иссл., 248), якія ставяцца ў сувязь з вороп, варапай. У такім выпадку мы, магчыма, маем справу з пераносным значэннем ворапень *’дубіна, жэрдка’ (перанос ’дубіна’ → ’лежабок, дурань’ звычайны) і з захаваннем архаічнай семантыкі.
Во́рат ’дзірка ў мяху, праз якую насыпаюць што-небудзь’ (Нас.); ’каўнер’ (Бяльк., Грыг., КЭС, віц.); ’каўнер, прарэх’ (Шатал.). Рус., укр. во́рот ’каўнер’, ст.-рус. воротъ ’шыя’, ст.-слав. вратъ, балг. врат, серб.-харв. вра̑т, славен. vrȃt ’шыя’, польск. wrot ’вяртанне’, в.-луж. wrót ’паварот’. Звязана чаргаваннем з вярцець (Фасмер, 1, 354). Прасл. vortъ — аддзеяслоўнае ўтварэнне ад vortiti (гл. варочаць), першапачаткова Nomen actionis ’паварот, тое, што варочаецца’ (Брукнер, 632; Скок, 3, 618 і наст., Шанскі, 1, В, 167 і наст.). У бел. мове значэнне ’каўнер’, калі меркаваць па лакалізацыі, магчыма, пад рус. уплывам.
*Во́рата 1 во́рото ’завеса, пятля для варот’ (Шушк.). Гл. вароты. Адносна марфалагічнага афармлення параўн. чэш. дыял. vráto (н. р. адз. л.) ’створка варот’.
Во́рата 2 ’памылка пры снаванні красён’ (Мат. Гом.). Да *вараціць, варочаць. У семантычных адносінах параўн. вобрацень ’тс’.
Во́рах ’куча зерня або гною’ (Выг. дыс.); ’куча прысыпанай зямлёй бульбы’ (Ліс.); ’шум, шорах’ (Нас.); ’страх, дрыжыкі’ (Касп.), во́рашна ’страшна’ (Касп.), во́рахам (расці) ’кучай’ (З нар. сл.); ’куча’ (Шатал.). Рус. во́рох ’куча, груда’, укр. во́рох ’тс’, рус. ц.-слав. врахъ ’ворах’, балг. врах ’ток; снапы, якія прызначаны для абмалоту’, польск. zawroch ’мяцеліца, віхар’. З другой ступенню вакалізму: рус.-ц.-слав. вьрху, врѣшти ’малаціць’, балг. връха ’малачу’, славен. vršíti ’вытаптаць снапы скацінай’. Роднаснымі з’яўляюцца лат. vârsms ’хлеб, які прызначаны для абмалоту’; ’ворах правяленага зерня’, лац. verrō, ‑ere ’валаку, мяту’ (з *versō), грэч. ἔρρω ’з цяжкасцю хаджу, цягнуся’, ст.-в.-ням. wërran ’путаць’ (Вальдэ₂, 283; Траўтман, 362; Эндзелін, IF, 33, 126; Выгонная, Лекс. Палесся, 86). Магчыма, vьršiti звязана з і.-е. назвай вала (ст.-інд. vr̥ṣaḥ і інш.). Параўн. вол (Мартынаў, вусн. паведамл).
Во́рвань ’лой, які вытапліваецца з сала марскіх жывёлін’ (БРС, КТС). Запазычанне з рус. ворвань ’тс’ (Шанскі, 1, В, 163), дзе яно са ст.-швед. narhval, швед., дац. narval, ст.-ісл. náhrvalr ’кіт’ (Фасмер, 1, 351).
Во́рвыль, во́рволь ’ворвань’ (Бяльк., КТС), ворволʼа ’каламазь’ (КЭС). Гл. варволь.
Во́ркіш ’гатунак ячменю’ (Мядзв.). Гл. оркіш.
Во́рлікі ’вадазбор звычайны, Aquilegia vulgaris L.’ (БРС, Кіс., Гарэц., Нас., Касп.). Рус. орлика, серб. о̀рлица, чэш. orlíček. Назва ўтворана ад лац. aquila ’арол’, таму што лісце венчыка гэтай расліны падобныя да кіпцюроў арла (Сіманавіч, 42). Махэк₂ (417) лічыць, што гэта назва з’явілася ў выніку памылковай этымалогіі — няправільнага члянення лац. aquilegia.
Ворс, ворса (БРС, КТС, Нас., Касп.) ’адходы воўны пры часанні ў выглядзе асобных кароткіх валокнаў’ (Влад.); ’мяккая воўна’ (Мядзв.). Рус. ворс, укр. ворс. Відавочна, сумеснае ўсходнеславянскае запазычанне са ст.-перс. vars ’волас’; параўн. таксама авест. varǝsa ’волас’, н.-перс. gars ’тс’, роднаснае рус. волос (Фасмер, 1, 355; Шанскі, 1, В, 169; Брукнер, 627). З слав. запазычана літ. varsà ’жмут шэрсці, валасоў’ (Буга, KS, 199; Скарджус, Slav., 233).
Во́рчык 1 ’барак, пры дапамозе якога запрагаюць каня ў плуг; брусок з жалезным крукам на сярэдзіне, за які зачэпліваюцца пастронкі’ (БРС, КТС, Нас., Касп., Гарэц., Бяльк., Др.-Падб., Мядзв., Сцяшк.). Рус. о́рчик ’перакладзіна, барак для пастронкаў вупражы каня’, укр. во́рчык, польск. orczyk ’тс’. Запазычана з с.-в.-ням. ortschit, н.-в.-ням. Ortscheit ’тс’ праз польск. мову (Міклашыч, 225; Мацэнаўэр, 265; Більфельдт, 29). С.-в.-ням. слова ўтворана з ort ’вастрыё, канец’ і schit ’палена’ (Фасмер, 3, 155). Праабражэнскі (1, 659) дапускае магчымасць зваротнага ўздзеяння польск. orczyk на ням. і набліжае орчик да арчак (гл.), о́рчак ’лука, драўляны каркас сядла’, што менш верагодна.
Во́рчык 2 ’прыпрэжаны конь’ (Мат. Гом.). Гл. варчык.