Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сто́ці ‘высокі, стаячы’, ‘строма’, ‘стойма’, сто́цевы ‘стромы’, сто́цы ‘стойма’, стоць ‘тс’, ‘вертыкальна’, ‘уніз галавой’, сто́цьмы ‘высокі’, сто́ця ‘стромка’ (Сл. ПЗБ), стоць, сто́цьма ‘галавою уніз’ (Янк. 1), ‘перпендыкулярна’ (Касп.), стоць, стацьмако́м ‘стаяком, дагары нагамі, дыбарам’ (Барад.), сто́цьма ‘нястрымна’ (Жд. 2), стоцькі ‘стойма’ (Др.-Падб.), стуць (галавой) ‘уніз галавой’ (Сцяшк.). Паводле аўтараў Сл. ПЗБ (4, 591–592), з літ. stãčias ‘стаячы, стромы, высокі’. Гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 132. Сюды ж назоўнікі стоці ‘апорныя слупы ў гумне’ (паст., ЛА, 4), стоць ‘беспарадак’ (Сл. ПЗБ).

Сто́чкі1 ‘вяршкі’ (Байк. і Некр.), ‘астаткі, рэшткі’ (Сцяшк. Сл., Федар. 4). Да цячы < *tekti з чаргаваннем е/о, г. зн. ‘тое, што сцякло’.

Сто́чкі2 ‘месца злучэння дзвюх частак чаго-небудзь’ (шальч., Сл. ПЗБ). Да сточваць, тачыць (гл.).

Стра́ва ‘прыгатаваныя для ежы прадукты харчавання, блюда’, ‘суп, вадкая вараная ежа’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Растарг., Стан., Бяльк., Нік. Очерки, Байк. і Некр., Скарбы, Сержп., Касп., Пятк. 2, Вешт., ЛА, 4), ‘патрава’ (Нас.). Укр. стра́ва, рус. зах. стра́ва, стро́ва, стараж.-рус. истрава, страва (1407 г.), польск. strawa, чэш., славац. strava, старое н.-луж. strawa ‘ежа, корм’, славен. strava ‘памінкі’. Прасл. *sъtrava ‘ежа, пракармленне’, аддзеяслоўны назоўнік ад праславянскага прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑traviti ‘знішчыць, стравіць’, параўн. страві́ць ‘скарміць’ (Бяльк.), ‘спажыць’ (ТС), якія далей да трава, травіць, гл. (Фасмер, 3, 770; Борысь, 579). Паводле Трубачова (Этногенез₂, 316), першасная форма ўзыходзіць да прасл. *jьztrava, аддзеяслоўнага назоўніка ад *jьztraviti, утворанага з *jьz‑ і *traviti (гл. з і травіць). Назоўнік *strava у значэнні ‘пір (на памінках)’ захаваўся ў апісанні пахавання Атылы з V ст. і адпавядае заходнеславянскай форме, што ўзыходзіць да *jьztrava, а не *sъtravay гл. Трубачоў, ЭССЯ, 9, 81. Пярэчанні гл. Гіндзін, Сов. сл., 1990, 2, 65 і наст.; Балто-слав. этнокульт. и археол. древн., 30–31; Мартынаў, там жа, 56 (этымалагізуецца на падставе гоц. straua < straujan па тыпу стол < сцяліць).

Стра́гнуць ‘вязнуць, гразнуць, грузнуць’ (Сл. ПЗБ, Скарбы), стря́гнути ‘грузнуць’ (кам., Жыв. НС). Укр. стря́гнути ‘вязнуць, грузнуць’, стра́гнути ‘заблытвацца ў сетцы або ў невадзе (пра рыбу)’, польск. zastrzęgać ‘захрасаць, вязнуць’, zastrąc, zastrzągł ‘тс’, якія Брукнер (522), ЕСУМ (5, 455) аб’ядноўваюць з усходнеславянскімі: застра́ць, застрэ́ць, рус. застря́ть, застря́нуть, бел. укр. встря́ти, застря́нути, супраць чаго Фасмер (2, 82). Формы з ‑г‑, магчыма, звязаны з літ. stringù, strìgti ‘захраснуць, завязнуць’, лат. strẽgu, strigt ‘патануць (у чым-небудзь)’, straignis ‘багна, твань’; гл. Траўтман, 290; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1089; Міклашыч, 325; ЕСУМ, 5, 455 (рэканструюецца прасл. дыял. *stręgati ‘грузнуць’).

Страдал ‘рыба сырць, Vimba vimba L.’ (Дэмб. 1, 46). Няясна.

Страда́ць, страда́тэ ‘перажываць’ (в.-дзв., люб., кам., Сл. ПЗБ), ‘гараваць, мучыцца’ (Некр., ТС), ‘пакутаваць’ (Ян.), стражда́ць ‘пакутаваць’ (Нар. Гом.), стражда́цца ‘вандраваць, ездзіць (па свеце)’ (Сцяшк. Сл.), стра́да ‘цяжкае жыццё, мука’ (ПСл), страда́, стра́да ‘пакута’ (Ян.), стра́днік, стра́дніца ‘гаротнік, пакутнік, гаротніца, пакутніца’ (Нас., Шымк. Собр.; гом., Нар. лекс.; Растарг., Ян., ТС), стра́дочка ‘гора, мука’ (ТС), стра́дны ‘гаротны, змучаны’ (там жа). Параўн. укр. страда́ти, стражда́ти ‘цярпець, пакутаваць’, рус. страда́ть ‘тс’, стараж.-рус. страдати ‘працаваць; цярпець, пакутаваць’, страждеть ‘мучыцца’, старое польск. stradać ‘траціць, пазбаўляцца чаго-небудзь’, чэш. strádati ‘цярпець, пакутаваць’, славац. stradať ‘тс’, в.-луж. tradać ‘бедаваць’, н.-луж. tšadaś ‘тс’, серб.-харв. стра́дати ‘пакутаваць’, славен. strádati ‘тс’, балг. стра́дам ‘тс’, макед. страда ‘тс’, ст.-слав. страдати ‘пакутаваць; напружвацца, змагацца’. Прасл. *stradati ‘бедаваць’ лічыцца аддалена роднасным лац. strēnuus ‘старанны, дзейны; дужы’, грэч. στρηνής, στρηνός ‘востры, жорсткі’, што бліжэй тлумачаць старацца (гл.); выводзіцца з і.-е. strō‑ з пашырэннем ‑dh‑, звязаным з *(s)ter‑ ‘быць нерухомым, аслупянелым’. Гл. Фасмер, 3, 770; ЕСУМ, 5, 431; Новое в рус. этим., 220. У сувязі з шырокім распаўсюджаннем у народнай мове малаверагодна новае запазычанне з рускай мовы (так Сл. ПЗБ, 4, 593).

Страж ‘ахоўнік, абаронца’ (ТСБМ), страж, стра́жа ‘варта’ (беласт., ашм., Сл. ПЗБ). Мяркуючы па прыкладах, даволі позняе запазычанне з рус. страж ‘тс’, дзе праз царкоўнаславянскую з ст.-слав. стражь, стража ‘тс’, або праз польск. straż ‘тс’, што з чэш. straž, параўн. ст.-польск. stróża (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 341). Сюды ж стра́жнік ‘ляснік, лясны абходчык’ (Нас., Гарэц.; ганц. Ск. нар. мовы), ‘паліцэйскі’ (Бяльк.), што з рус. стра́жник ‘вартаўнік’ або польск. strażnik ‘вартаўнік, наглядчык’. Гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 62.

Стражы́на ‘прыстасаванне для сушкі бульбяніку, снапоў, канюшыны’ (Жд. 2, 3; узд., ДАБМ, камент., 790). Магчыма, да страгнуць (гл.) з актуалізацыяй значэння ‘тое, на што насаджваюць, навязваюць’. Параўн. таксама Сной, SR, 1990, 4, 371 і наст.

Страйк ‘забастоўка’ (Беларусіка, 19, 226), страйкава́ць ‘баставаць’ (Сл. ПЗБ). Запазычана праз польск. strajk або ідыш Strajk (Шульман, Полымя, 1926, 8, 212) з англ. strike ‘забастоўка; баставаць’, з першасным значэннем ‘біць, стукаць’ і спецыяльным значэннем ‘спускаць ветразі’ (Сной₂, 742; ЕСУМ, 5, 432).

Страйхо́ды ‘басаножкі’ (Сл. рэг. лекс.), срайхо́ды ‘старыя боты з адрэзанымі халявамі’ (мядз., Шатал.). Няясна. Відаць, складанае слова, другая частка — да хадзіць, ход, параўн. скараходы, хадакі.