Страда́ць, страда́тэ ‘перажываць’ (в.-дзв., люб., кам., Сл. ПЗБ), ‘гараваць, мучыцца’ (Некр., ТС), ‘пакутаваць’ (Ян.), стражда́ць ‘пакутаваць’ (Нар. Гом.), стражда́цца ‘вандраваць, ездзіць (па свеце)’ (Сцяшк. Сл.), стра́да ‘цяжкае жыццё, мука’ (ПСл), страда́, стра́да ‘пакута’ (Ян.), стра́днік, стра́дніца ‘гаротнік, пакутнік, гаротніца, пакутніца’ (Нас., Шымк. Собр.; гом., Нар. лекс.; Растарг., Ян., ТС), стра́дочка ‘гора, мука’ (ТС), стра́дны ‘гаротны, змучаны’ (там жа). Параўн. укр. страда́ти, стражда́ти ‘цярпець, пакутаваць’, рус. страда́ть ‘тс’, стараж.-рус. страдати ‘працаваць; цярпець, пакутаваць’, страждеть ‘мучыцца’, старое польск. stradać ‘траціць, пазбаўляцца чаго-небудзь’, чэш. strádati ‘цярпець, пакутаваць’, славац. stradať ‘тс’, в.-луж. tradać ‘бедаваць’, н.-луж. tšadaś ‘тс’, серб.-харв. стра́дати ‘пакутаваць’, славен. strádati ‘тс’, балг. стра́дам ‘тс’, макед. страда ‘тс’, ст.-слав. страдати ‘пакутаваць; напружвацца, змагацца’. Прасл. *stradati ‘бедаваць’ лічыцца аддалена роднасным лац. strēnuus ‘старанны, дзейны; дужы’, грэч. στρηνής, στρηνός ‘востры, жорсткі’, што бліжэй тлумачаць старацца (гл.); выводзіцца з і.-е. strō‑ з пашырэннем ‑dh‑, звязаным з *(s)ter‑ ‘быць нерухомым, аслупянелым’. Гл. Фасмер, 3, 770; ЕСУМ, 5, 431; Новое в рус. этим., 220. У сувязі з шырокім распаўсюджаннем у народнай мове малаверагодна новае запазычанне з рускай мовы (так Сл. ПЗБ, 4, 593).