Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Во́плескі (БРС, Гарэц.). Да пляскаць ’біць (у далоні)’. Параўн. рус. рукоплескания.

Во́прамець ’стрымгалоў, вельмі хутка’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк.), во́прамяць ’тс’ (Бір. Дзярж.), во́прамеццю ’тс’ (Шат., З нар. сл., калін.). Запазычанне з рус. о́прометь ’імклівы бег’, о́прометью ’стрымгалоў, з усіх ног’, калі меркаваць па адсутнасці ў бел. гэтага кораня і па захаванню рус. марфалагічнай формы (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 40).

Во́пратка ’адзенне’ (БРС, КТС, Бяльк., Касп., Яруш., Сцяшк., Інстр. I). Рус. смал. упрятка ’адзенне’, бранск. во́прэткі ’тс’. Ад апратаць (гл.) з дапамогай суф. ‑ка. Падрабязна гл. Мяркулава, Этимология, 1974, 64 і наст.

Вопса ’рашуча, раз’юшана, энергічна кінуцца куды-небудзь, на каго-небудзь’ (Янк. I), во́псаддзю ’тс’ (Янк. III), во́псасам ’неадчэпна, смалою лезці’ (Сцяц., зэльв.). Гл. вобцас.

Во́пух ’пухліна’ (Жд., 1, Мат. Гом.). Рус. о́пух, во́пух, укр. о́пух ’тс’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад апухнуць (гл.).

Во́пыт (БРС, КТС). Да апытаць. Рус. о́пыт, укр. о́пит, ’распытванне, допыт’, польск. opyt ’тс’, серб.-харв. о́пит ’вопыт, эксперымент’ (запазычанне з рус.Скок, 2, 666), балг., макед. опит ’тс’ (таксама, відавочна, з рус.). Па даных КГС, у беларускіх помніках слова ўжываецца толькі ў адным значэнні ’допыт’. Значэнні ’навуковы эксперымент’ і ’сукупнасць ведаў’ з’яўляюцца, відавочна, запазычанымі з рус. мовы, дзе яны развіліся таксама даволі позна, у XVIII ст. (Каткоў, Сказки…, 84–85). Вытворныя ад гэтай лексемы вопытны, вопытніцтва — гэта калькі адпаведных рус. слоў опытный, опытничество (Крукоўскі, Уплыў, 110).

Вор1 ’мех, мяшок’ (Нас., Сцяшк., Янк. БП), ворак ’мяшочак’ (Нас., Сцяшк., Шатал., Вешт.); ’мяшочак для адкідвання сыру’ (Мат. Гом.). Запазычанне з польск. wór, worek ’мех, торба’ (Кюне, Poln., 115; Булыка, Запазыч., 69).

Вор2 ’хлеў’ (Нас., Рам., 8, 327); ’двор для жывёлы’ (Бяльк.). Рус. вор, во́ра ж. р. ’плот, агароджа’, дыял. таксама ’агляд рыбалоўнага садка’, укр. вори́на ’жэрдка для агароджы’, ст.-рус. воръ м. р., вора ж. р. ’тс’, чэш. vor ’плыт’. Звязе на з рус. верать ’усоўваць, хаваць, укладваць, капацца’, ст.-слав. въврѣти ’ўсунуць’, чэш. ‑vříti ’-крываць’. Роднасныя таксама літ. vãras ’жэрдка ў плоце, агароджы’, apìvaras ’загон’, гон., warjan ’перашкаджаць’, оск. veru наз. скл. мн. л. ’дзверы’ (Фасмер, 1, 350; Махэк₂, 697). Гл. таксама ворык.

Вор3 ’злодзей, выкрадальнік’ (Нас., Бяльк.). Запазычанне з рус. вор ’тс’.

Во́раг ’непрыяцель, праціўнік’ (БРС, КТС, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Яруш., Булг., Шпіл.). Рус. во́рог ’непрыяцель; нячысцік, чорт’, укр. во́рог, ст.-рус. ворогъ, ст.-слав. врагъ, польск. wróg ’непрыяцель’, чэш. vrah ’забойца’, славац. vrah ’тс’, балг. враг, серб.-харв. вра̑г, славен. vrȃg ’чорт, д’ябал’. Прасл. *vorgъ ’вораг’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. var̃gas ’бяда, няшчасце, беднасць’, vérgas ’нявольнік’, лат. vā̀rgs ’няшчасны, хворы, убогі’; ’бяда, бедства’, vãrgt ’хварэць, чахнуць, быць няшчасным’, vęr̂gs ’нявольнік’, ст.-прус. wargs ’злы’, магчыма, і лац. urgeō ’напіраю, ганю’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’выганяць, помсціць’, ст.-в.-ням. rehhan ’мсціць’ (ВальдэПокарны, 1, 319 і наст.; Траўтман, 342; Фасмер, 1, 352; Шанскі, 1, В, 164). Аналагічна Трубачоў (История терм., 176 і наст.), які выводзіць слав. vorgъ з і.-е. *u̯reg‑/u̯erg‑ ’гнаць’, г. зн. першапачаткова слав. слова азначала ’выгнаннік, адрынуты’ і толькі пазней — ’вораг, непрыяцель’. Па фанетычных прычынах памылкова супастаўленне Абаева (Осет. яз., 581) з асец. warz ’любіць’ (Трубачоў, там жа). Мала верагодна супастаўленне са ст.-ісл. wargr ’воўк, злачынец’ (Міклашыч, 395; Мікала, WuS, 2, 218) або разгляд слав. слова як запазычання з герм. (Махэк₂, 698), таму што герм. запазычана з слав. (Мартынаў, Лекс. взаим., 153 і наст.).

Во́ран ’звычайная варона’ (Дразд.). Па адзінкавасці фіксацыі хутчэй за ўсё — запазычанне з рус. ворон ’крумкач’.

Во́рань ’узаранае для сяўбы поле, ралля’ (Яшк.), во́ранка ’аранне зямлі’ (КТС). Укр. о́ранка, ’ўзорванне зямлі, час арання’, польск. orania ’ўзаранае поле’, чэш., славац. oranina і г. д. Ад оран‑, асновы залежнага дзеепрым., з дапамогай суф. ‑ь, ‑ка.