Пля́скаць, пляска́ць, пля́скыць ’удараць’, ’біць, хвастаць, сцёбаць’, ’стукаць далонню аб далонь ці па чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бяльк., Яруш., Шат.; ашм., Стан.), ’апладзіраваць’ (ельск., хойн., Мат. Гом.); ’пляскаць па вадкасці’ (Шат., Сл. ПЗБ); ’плямкаць, чмякаць пры ядзе’ (сміл., Стан.; Шат.), пля́цкаць ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ); пляска́ць ’біць молатам’ (Касп.), ’таптаць, дратаваць’ (зэльв., Сл. рэг. лекс.); пля́скаць ’барабаніць, звінець (аб лыжках і місцы)’ (воран., віл., Сл. ПЗБ), экспр. ’касіць нізкую рэдкую траву’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’рабіць, майстраваць’ (карм., Мат. Гом.); плеска́ць ’ляскаць, пляскаць’ (ТС); пля́скаць ’біць па твары далонню’ (Нас.; Бяльк.: жлоб., Мат. Гом.). Укр. пля́скаты, пле́скати ’біць у далоні’, ’плёхаць па гразі’, ’гаварыць многа і абы-што’, ’кляпаць’, а таксама бойк. пля́цкати ’плямкаць, еўшы’, польск. plaskać ’гучна удараць далонню’, ’выдумляць, нагаворваць’, дыял. паморск. płaskac, plaskac ’пляскаць далонню на вадзе’, чэш. мар. pláskati, ляш. pľaskať ’пляскаць, шлёпаць’, славац. pľasknúť ’пляснуць па шчацэ, спіне’, ’бразнуць (дзвярыма)’, ’лопнуць (пра пупышку)’, ’пляснуцца (у гразь)’; славен. plȃskati ’пляскаць, апладзіраваць’, ’падрубаць’, ’крычаць’, plaskati, plaskáti ’біць у далоні’, серб.-харв. чак. пљаска̏ти ’пырскаць, пляскаць па вадзе’, макед. пласка ’удараць далонню’, ’вярзці лухту’, ст.-слав. плесклти ’ляскаць, ляпаць’. Прасл. *plaskati, варыянт *ploskati, роднаснае літ. ploskúoti ’пляскаць (рукамі), чмякаць’, ’бразгаць’ < і.-е. plok‑sk‑ ’плоскі’, ’біць, таўчы’ (Сной–Бязлай, 3, 49). Банькоўскі (2, 598) выводзіць польск. plaskać з прасл. plěsk‑a‑ti, якое з’яўляецца ітэратывам да *pleskati > бел. пле́скаць (гл.). Сюды ж з пераносным значэннем пля́ска́ць ’гаварыць многа і абы-што’ (Нар. Гом.; Шат.; Касп.), ’плявузгаць, малоць языком’ (Сл. ПЗБ), пляска́ч ’пустаслоў, пляткар’, ’які гаворыць абы-што’ (Скарбы), ’балбатун’ (Сцяшк. МГ), пля́скыньнік ’тс’ (Юрч. СНЛ), пляскава́ць ’плявузгаць, несці лухту’ (ігн., Сл. ПЗБ), параўн. чэш. pleskati ’тс’, славац. pleskotať ’тс’, паморск. plesk​uotac ’неразумна ілгаць’, якія Фурлан (JS, 39, 4, 123) узводзіць да *ple‑sk‑ < і.-е. *(s)pele‑, параўноўваючы з літ. pleškė́ti, лат. plekšet ’ілгаць’, што неабавязкова.

Пляска́ць ’рабіць пляскатым, плюшчыць’ (ТСБМ, Касп.), ’абабіваць лапатай’ (Сцяшк. Сл.), плыска́ты ’пляскаць (пра метал)’ (драг., Жыв. сл.), пляску́шка ’невялікі, расплясканы кавалак металу’ (Юрч. Вытв.). Да пля́скаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)