Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Во́нчык, во́чнік ’сушаніца лясная, Gnaphalium silvaticum L.’ (Кіс.). Няясна. Магчыма, ад вока, як рус. очанка ’Euphrasia’ (Фасмер, 3, 177), з першапачатковай формай вочнік, адкуль потым, як рэзультат метатэзы, вончык.

Вонь часц. ’вунь’ (Шат., Янк. III, Жд., 1; З нар. сл.), вон‑дзя ’тс’ (Касп.), воньдзека (Янк. I). Рус. вон, дыял. вонь, укр. он ’вунь, там’. Звязана з ён, яна, яно (Праабражэнскі, 1, 95; Фасмер, 1, 348). Гл. таксама вунь.

Во́нюшка ’адоніс веснавы, гарыцвет веснавы, Adonis vernalis’ (Бейл.). Да слав. voni̯a ’пах, смурод’. Дэрываты ад гэтай асновы распаўсюджаны ў славянскіх мовах для абазначэння розных раслін з рэзкім пахам. Параўн. ванючка, рус. вонючка, укр. вонючка, чэш. vonice і г. д.

Во́падзь (жывёлы) ’паморак’ (Нас., Гарэц., Бяльк.), вопаць ’эпілепсія’ (Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. рус. смал. вопадь ’пошасць, эпідэмія’, бранск. вопадь ’пагібель’ (Раст.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад ападаць. Адносна другога значэння параўн. таксама рус. падучая ’эпілепсія’.

Во́падзя ’стрымгалоў’ (Гарэц.). Першапачаткова дзеепрыслоўе ад ападаць. У семантычных адносінах параўн. чэш. horempádem ’тс’.

Во́пасли ’пасля’ (Грыг.), вопысля (Бяльк.). Ад во‑ і пасля (гл.). Параўн. рус. опосля́ ’тс’.

Во́паўзень ’апоўзень’ (Юрч.). Гл. апоўзень.

Во́перадка, во́ператка ’складзеная папалам вяровачка для кідання камення’ (Сцяц.). Звязана з польск. oprata ’лейцы’, obrętka ’вуздэчка’, якая ў сваю чаргу ўзыходзіць да ўсходнеславянскага *ob‑rъtъ. Па народнай этымалогіі было, відавочна, звязана са словам упе́рад, адкуль е. Параўн. таксама чэш. oprať, oprata ’лейцы’, дыял. voprato ’рамень для карзіны, ношы’, oprátka ’пятля для павешання’. Гл. таксама аброць.

Во́пінка ’вялікая хустка’ (Янк. I). Гл. апінянка.

Во́піс (БРС). Рус. о́пись, укр. о́пис, польск. opis, в.-луж. wopis, славін. vopjísk, чэш., славац. opis, балг., макед. опис, серб.-харв. о́пис. Аддзеяслоўнае ўтварэнне да апісаць.