Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стаю́шка ‘дрывотня’ (Сл. Брэс.). Першапачаткова, відаць, ‘загарадка’, тады да наступнага слова.

Ста́я1 ‘чарада птушак’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘касяк рыб’ (Сцяшк.). Паводле Сл. ПЗБ (4, 584), з рус. стая́ ‘тс’, што патрабуе дадатковай аргументацыі, параўн. ста́я ‘загарадка ў хляве, дзе стаяць коні’ (брэсц., Нар. сл.), ста́я, ста́і ‘загон’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *staja; параўн. таксама ўкр. ста́я ‘курэнь пастухоў; загон; рад сціртаў сена’, рус. ‘хлеў; адрына, загон’, стараж.-рус. стая ‘хлеў’, ‘прыстанішча; ложак; шацёр’, чэш. stáj, stáje ‘стойла’, серб.-харв. ста̏ја ‘стойла; загон’, славен. stája ‘хаціна пастухоў; прыстанішча’, балг. ста́я ‘пакой’, макед. стаја ‘канюшня’. Да стаць, стаяць, першаснае значэнне ‘стойла; месца, дзе стаіць жывёла’, ‘стаянка’. Гл. Фасмер, 3, 749; Махэк₂, 574; Сной₁, 603; гл. спецыяльна Лучыц–Федарэц, Лекс. Палесся, 193–194. Трубачоў (Этногенез₂, 212) лічыць кур’ёзным, аднак цалкам рэальным, што назва “рухлівай” групы жывёл утворана ад і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Няма падстаў разглядаць як магчымы субстратны балтызм рус. падмаск. ста́йка ‘хлеў’ (Тапароў, Балтийские яз., 46), параўн. Анікін, Опыт, 283.

Ста́я2 ‘парода, гатунак’ (Бяльк.). Відаць, да стая1 (< ‘з адной стаі, з аднаго гнязда’).

Ста́я3 ‘загон, участак зямлі’ (іўеў., трак., воран., шальч., беласт., Сл. ПЗБ), ‘мера даўжыні ў 100 м’ (Сцяшк.), ст.-бел. стая ‘мера даўжыні, роўная прыблізна 80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. ста́я ‘дзялянка зямлі, загон’, польск. staja ‘пэўная мера даўжыні поля’. Прасл. *staja ‘постаць; паласа поля, занятая пры апрацоўцы’, што да *stati, гл. стаць. Параўн. ЕСУМ, 5, 403.

Стаяро́с жарт. ‘высокі; той, што расце ўгару (расліна і інш.)’ (Варл.), стаеро́савы ‘тс’ (Растарг.), стаяро́савы (стояро́совый) ‘які рос стоячы (гаворыцца жартам)’ (Нас.). Параўн. рус. стоеро́совый жарт. ‘які расце стоячы (пра дрэва)’, стоеро́совый дура́к ‘дубіна, дурань’. Эўфемізм, выкарыстоўваецца як іранічны адказ на пытанне пра тое, што невядома таму, хто гаворыць, або ён не хоча называць; паводле Карскага (2–3, 90), утворана шляхам спалучэння дзеепрыслоўя цяп. часу ад стаяць (гл.) і імя (*рос?, гл. рост, расці). Па падобнай мадэлі ўтворана стаясёрка ‘кабат, кухвайка (кароткая або з кароткімі рукавамі)’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.) з іранічнай асацыяцыяй (да сраць, гл.).

Стая́ць ‘знаходзіцца на нагах’, ‘не рухацца з месца’, ‘не працаваць’, ‘трываць’, ‘знаходзіцца, размяшчацца’, ‘існаваць, быць (на свеце)’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стоя́ць ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стоять. Укр. стоя́ти, рус. стоя́ть, польск. stać, в.-луж. stejeć (< stojać), н.-луж. stojaś, чэш. státi, славац. stáť, серб.-харв. ста́јати, славен. státi, балг. стоя́, макед. стои ‘стаяць’. Прасл. *stojati утварылася ад форм цяп. часу і.-е. *stə‑i̯e/o на аснове і.-е. *sta‑ (гл. стаць) (Борысь, 574); адпавядае оск. staít ‘стаяць’, ст.-інд. sthitás ‘той, які стаіць’, грэч. στατόσ ‘тс’, лац. status, далей літ. stóti ‘станавіцца, уступаць’, ст.-прус. postāt ‘станавіцца’, ст.-в.-ням. stân, stên ‘стаяць’; гл. Траўтман, 281; Фрэнкель, ZfslPh, 20, 242; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1052; Фасмер, 3, 769; Бязлай, 3, 313; Шустар-Шэўц, 1352; Махэк₂, 575–576; ЕСУМ, 5, 430–431; Глухак, 579.

Стварэ́нне ‘жывая істота, усё жывое’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ, Стан., Сержп. Прымхі). Ужыванне назоўніка стварэ́нне ‘тварэнне, твор’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан.) ад дзеяслова ствары́ць (гл. тварыць) у спецыяльным значэнні ‘створанае Богам’. Параўн. польск. stworzenie з аналагічным значэннем, якое, згодна з Сяткоўскім (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 347), лічыцца семантычным багемізмам. Запазычаннем з чэшскай лічыцца польск. stworzyciel ‘тварэц’ (там жа), параўн. таксама ствары́цель ‘тс’ (Нас., Ласт., Гарэц., Стан.), укр. створи́тель ‘тс’, старое макед. створител ‘тс’. Як самастойныя ўтварэнні можна разглядаць створы́цца ‘зрабіцца’ (ТС), стварэ́нне ‘твар, вобраз, выгляд’; стварэння ні знаіць (пра бруднага, замурзанага) (Скарбы), стварэ́нец ‘чалавечая істота’ (Стан.), стварэ́ц ‘творца’ (Ласт.), створ ‘твор’ (Гарэц.).

Ствол ‘надземная частка дрэва ад каранёў да верхавіны’, ‘сцябло’, ‘камель’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘цэнтральны корань у дрэве’ (ТС), ствалі́на ‘руля (у стрэльбе)’ (Нік. Очерки), цвол ‘тс’ (там жа), ство́льны ‘сцяблісты’ (Бяльк.). Рус. ствол ‘тс’, ц.-слав. стволие ‘крапіва’, в.-луж. stwółk ‘сцябло’, н.-луж. stwoł ‘сабачая пятрушка’, чэш. stvol ‘сцябло’, славен. stvȍl ‘асака’, серб.-харв. цво̀лика ‘сцябло цыбулі’, балг. дыял. ствол ‘балігалоў’, цвол ‘сцябло’. Выводзяць з *stьbolъ, якое роднаснае сцябло (гл.). Гл. Міклашыч, 327; Младэнаў, 608; Махэк₂, 591; Шустар-Шэўц, 1373; Фасмер, 3, 749 з іншай літ-рай; Дзімітрова–Тодарава, Этимология–2003–2005, 49–50. Сюды ж, відаць, ство́лак ‘вільчык, сасновы кругляк’ (Пятк. 1) — ад сво́лак ‘вільчык’ пад уплывам ствол.

Стволля ‘маркоўнік лясны, Anthriscus Hoffm.’ (смаг., Кіс.), ствольны цвет ‘тс’ (віц., Ан.; Кіс., 16). Рус. смал., пск., цвяр. ствол, стволья ‘дзягіль’. Да ствол (гл.). Мяркулава (Очерки, 67) прыводзіць аналагічныя назвы ням. Stengel, Tufen.

Ство́рка ‘кожная з дзвюх рухомых палавінак дзвярэй, аканіц, варот і пад.’ (ТСБМ), створ ‘зачыненне (дзвярэй, вакон)’, ство́рчысты ‘створкавы’ (Нас.). Сюды ж створ ‘частка прасторы, абмежаваная стойкамі, перакладзінамі’, ‘створка’ (ТСБМ). З рус. ство́рка, створ ‘тс’, як і ўкр. створ (гл. ЕСУМ, 5, 404). Гл. затвор.

Сто ‘лік і лічба 100’, ‘шмат, вельмі, многа’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. сто ‘тс’. Параўн. укр., рус. сто, стараж.-рус. съто, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. sto, серб.-харв. сто̑, славен. stó, балг., макед. сто, ст.-слав. съто. Прасл. *sъto ‘сто’ роднаснае літ. šim̃tas, лат. sìmts, ст.-інд. śatám, авест. satəm, лац. centum, грэч. έκατόν, гоц. hund ‘тс’, якія працягваюць і.-е. *ḱm̥tom ‘сто’. Большасць даследчыкаў лічыць слова спрадвечнаславянскім, але наяўнасць ‑ъ‑ замест ‑ę‑ як вынікае з пазаславянскіх паралеляў, застаецца няяснай. Параўн. прасл. *tysętʼa ‘1000’, з рэгулярным ‑ę‑. Паводле Шахматава (гл. агляд літ-ры ў Фасмера, 3, 761–762), ‑ъ‑ мог развіцца ў алегравых формах тыпу *dъvě stъtě ‘200’. Праславянскую форму тлумачылі таксама запазычаннем з іранскай, дзе праформу ўзнаўлялі як *sutəm ‘сто’. Гл. яшчэ Борысь (578), які спробы разглядаць слова ў якасці запазычання лічыць неабгрунтаванымі. І.‑е. ḱm̥tóm паходзіць ад *deḱm̥ ‘дзесяць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1358; Глухак, 585.

Сто́бка, сто́пка, сцёпка ‘варыўня’, ‘малая хатка для гаспадарчых патрэб’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Янк. 1; пін., Шн.; Ян., Мат. Гом.), ‘сушыльня’ (Др.-Падб.), ‘памяшканне для авечак і цялят’ (Чач.). З істобка (гл. істопка).