Істо́пка ’памяшканне для захавання агародніны і іншых прадуктаў’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Інстр. I, Мядзв.; Янк. Мат., 72; Кольб., 52), істо́бка ’тс’ (Мат. Гом.; Янк. Мат., 87), ісьцёпка ’тс’ (Касп.), істо́пка ’насціл (у гумне з жэрдак)’ (Мат. Гом.). Вядома на ўсёй беларускай тэрыторыі (гл. ДАБМ, к. 240). Рус. дыял. и́сто́пка ’хата, хацінка’, ’гара’, исто́бка ’кладоўка’, истёбка ’сутарэнне’, ’склеп’, ’кладоўка’, ’хацінка паляўнічага ў лесе’, истёбок ’гара’, и́зобка́ ’хата’, ’святліца’; укр. дыял. сте́бка ’кладоўка (якая ацяпляецца зімой)’, сте́пка ’рублены свіран з печчу, які замяняе склеп’ (Грынч.), ви́стебка ’абагравальная зімой камора ці кладоўка’ (Лысенка, ССП), польск. дыял. izdebka ’пакой’, ’камера, келля’, чэш. дыял. istevka ’лядоўнік на млыне’. Ст.-рус. истобка, истопка, издебка ’хата, хацінка, маленькае памяшканне ў хаце’, ’лазня’. Ст.-бел. издопъка ’дом, жыллё’, ’кладоўка, спіжарня’ (гл. Лекс. Палесся, 154). Утворана ад *jьstъba (гл. ізба) з суф. ‑ъka ў прасл. (Трубачоў, Эт. сл., 8, 245). Форма ісьцёпка, відаць, пад уплывам народна-этымалагічнага збліжэння з тапіць, цёплы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)