Ізба́ ’жылы драўляны будынак’ (Інстр. I, 49), ’маленькая хата, жылы будынак меншага памеру’ (Лекс. Палесся, 154), ’хата-чытальня’ (Сцяшк. МГ). У сучаснай бел. мове выціснута словам хата, але ст.-бел. изба мела цэлы комплекс значэнняў: ’жылы будынак’, ’пакой у хаце’, ’кладоўка’, ’памяшканне для чэлядзі і інш.’ (КГС). Рус. изба́ ’драўляная сялянская хата’, дыял. ’жылы будынак з аднаго пакоя (з рускай печчу)’, ’частка жылля, якая ацяпляецца’, ’пакой’, ’гара, вышкі’, ’жыллё з гліны, саману і г. д. (у адрозненне ад цагельных і драўляных дамоў)’, польск. izba ’пакой’, в.-луж. jstwa, stwa ’тс’, н.-луж. śpa ’святліца, вялікі пакой’, палаб. jåzbă ’гасціная’, чэш. jizba ’жылое памяшканне, пакой’, славац. izba ’тс’, славен. ȋzba ’пакой’, ’гара, вышкі’, jȇzba ’сталовая’, серб.-харв. уст. ѝзба ’пакой’, ’святліца’, балг. и́зба ’падвал, склеп’, ’хаціна, зямлянка’, макед. дыял. изба, визба ’склеп’. Ст.-слав. истъба ’пакой’, ст.-рус. истьба, изъба, изба ’драўляны будынак’, ’частка дома, пакой’. Пэўнай этымалогіі няма. У адных тлумачэннях прасл. *jьstъba выступае як запазычанне, у другіх — як спрадвечна слав. слова. Найбольш пашырана версія аб запазычанні з герм. *stuba (ст.-в.-ням. stuba ’цёплае памяшканне, лазня’, ст.-ісл. stofa, stufa ’лазня з печчу’), але ў гэтым выпадку няма тлумачэння для пачатковага jь‑. Гл. Міклашыч, 97; Уленбек, AfslPh, 15, 1893, 487; Бернекер, 1, 436–438. Больш абгрунтавана Мейе (BSL, 29, 1929, 211), Махэк₂ (230), Трубачоў (Эт. сл., 8, 243–245), якія бачаць крыніцу запазычання ў раман. арэале; параўн. франц. étuve, італ. stufa, ісп. estufa, праванс. éstuba ’лазня, апарня’ < *estūfa (скарачэнне ū > ŭ яшчэ ў нар.-лац.). Спроба аб’яднання абедзвюх крыніц падана ў Слаўскага, 1, 475–476; Etnografia polska, 1960, 351–354. Тлумачэнне слова на слав. глебе належыць Мартынаву, Лекс. взаим., 122–125: *jьstъba ’нерухомая маёмасць, гаспадарка’ < *istъ‑ba звязваецца з гняздом *istъ (гл. існы). Гёрнер (ZfslPh, 32, 1965, 332) прыцягвае сюды прасл. *ьstěja/*ěstěja ’печ, вогнеахвярнік’ і лічыць семантычную адзнаку ’ацяплення’ зыходнай для слав. *jьstъba; параўн. народна-этымалагічнае збліжэнне з *istopiti. Інакш Мядзведзева (Праблемы мовы і літаратуры, 1972, 103–114) выяўляе ў *jьstъba корань *stьb‑, як у сцябло, ствол. Этнаграфічны аспект гл. А. С. Харузін, Славянское жилище, 1907. Гл. істопка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)