Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

жывато́к

1. Невялікае крынічнае месца на балоце, якое не замярзае зімой (Жытк.).

2. Месца, дзе сцякае вада пасля дажджу (Усх. Палессе Талст.). Тое ж жываточына, жываточывіна (Слаўг.).

жыве́ц

1. Зялёны лугавы мох (Клім. Бяльк.).

2. Жоўты пясок (Краснап. Бяльк.).

3. Цвёрды грунт; верхні дзірваністы пласт глебы (Стаўбц.).

4. Крынічнае месца, дзе сачыцца вада (Рэч., Слаўг.).

5. Ваданосны пласт, з якога б'е крынічны струмень (Ветк.).

6. Зарослае старарэчышча, з якога яшчэ выцякаюць струменьчыкі вады (Слаўг.).

□ От того дуба... ольсом Живцами (1560) каля в. Ваўкавічы Чав. (Археагр. 3, 1867, 269).

жыгу́н Сухі, цякучы, вельмі тонкі пясок (Тал. Мядзв.).

жы́жка Гнаявы адстойнік; гнаясховішча (Шчуч).

жы́ла

1. Забалочанае месца, зарослае старарэчышча, дзе яшчэ ледзь выступае вада (Слаўг., Стол.). Тое ж жы́ліна (Слаўг.).

2. Ваданосны слой, крынічная, вільготная паласа, крыніца сярод багны, падземны сцёк (Рэч., Сал., Слаўг., Сміл. Шат.). Тое ж жы́ліна (Лёзн., Рэч., Слаўг.), жы́лка (Жытк., Слаўг.).

3. Прадаўгаваты ўзгорак, каса (Слаўг.).

4. Вузкі, доўгі пласт у зямлі адной пароды (БРС) і адпаведна яму на паверхні, дзе расце адна парода дрэў, добры ці аднастайны травастой (Слаўг.).

□ в. Жылічы Маг. (ЛіМ, 1966, 13/IX).

жыраво́ Гразкае, зыбкае, багатае крыніцамі балота (Ваўк. Сцяшк.).

жыро́ўка

1. Месца кармлення рыбы, звера (Слаўг.).

2. Востраў (Стол.).

жы́тнішча Поле, на якім зжата жыта, іржэўнік (БРС). Тое ж жы́тніска (Вор.), жытное (Пол.).