Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вуглы́ Тып паселішча без вуліцы, калі двары рэдка параскіданы па краю поля ўлукаткі (Слаўг.).

в. Вуглы Ів., ур. Вуглы (лог, поле) каля в. Шаламы Слаўг.

вуго́л Месца, дзе межы поля ўтвараюць прамы вугал (Сал., Слаўг.).

ву́дзерак Поле на месцы ўзаранага дзірвана, папасу; цаліна (Стол.).

вудо́ба Месца, дзе побач з населеным пунктам знаходзіцца поле, лес, луг, папас і рэчка (Рэч., Слаўг.).

ву́жар

1. Выпаленае месца ў лесе, на балоце (Стол.).

2. Яма ад выгаралага торфу і травы (Палессе Талст.). Тое ж вужары́на (Сал., Палессе Талст.).

ур. Падву́жар (поле, лес) каля в. Кароцічы Стол.

ву́лачка

1. Невялікая вуліца (БРС).

2. Завулак (Бых., Ветк.).

ву́ліца Адзін ці два рады хат паабапал дарогі (БРС). Тое ж 'коліца (Крыч.), халу́га (у белар. азбукоўніках XVI—XVII стст. Судн. 317), гу́ліца (Брэст., Гродз. ДАБМ).

ву́лка

1. Невялікая вуліца (БРС).

2. Брукаваны завулак (Глуск. Янк. I, Сен. Касп.).

3. Дарога, якая праходзіць упоперак вёскі, прыкладна пасярэдзіне (Сміл. Шат.).

ву́сце Месца ўпадзення ракі ў другую раку, возера, мора (БРС). Тое ж вусцень (Касц. Бяльк.).

в. Вусце Чэрв., пас. Вусце каля в. Аздамічы Стол., ур. і воз. Вусці Слаўг.

ву́ха Глухое, зацішнае, непраходнае месца, звычайна мокрае, лясістае (Слаўг.). Тое ж ву́шка (Краснап.).

ур. Ву́хава (балота) каля в. Кульшычы Слаўг., ур. Мядзве́жжае Вушка (глухое месца, лес) каля в. Калінаўка Краснап.