Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

шаха́ Будынак з плятнёвымі сценамі для с.-г. прылад (Слаўг.). Тое ж шахаўня́ (Слаўг.).

шахаўні́ца Участак поля сярод іншых; цераспалосіца (Гар. 1921, Стаўбц. Прышч. 72, 188).

□ ур. Ля Шахаўні́цы (поле) Стаўб. (Прышч.).

ша́хта Яма і магільны пагорачак (Слаўг.). Тое ж ша́хты (Слаўг.).

шаша́ Гравійная або асфальтавая дарога; выбрукаваны гасцінец (БРС). Тое ж саша́ (Бых., Глуск. Янк. II, Кузн. Касп., Рэч., Слаўг.), сашэй, сашэя (Слаўг.), шосса («Наша Ніва», 1913, № 42).

□ Олькеніцкая шосса («Наша Ніва», 1913, № 42).

шко́да Месца, дзе страўлены жывёлай пасеў, травастой, маладыя ўсходы лесу (Рэч., Слаўг.).

шко́лішча Месца каля яўрэйскай школы (Нас.). Тое ж школіца (Нас. 1858).

шко́лка Гадавальнік пладовых саджанцаў (Ветк., Лёзн., Слаўг.).

шляк Край, берагавая частка (Нас. АУ).

шлях Стары тракт; грунтавая дарога, вялікі гасцінец, абсаджаны дрэвамі (БРС).

□ Колаў шлях (дарога праз лес ад в. Шаламы да в. Лясная) Слаўг., Лясе́нскі шлях (дарога ад в. Лясная да г. Слаўгарада), Гарадзе́цкі шлях (дарога паміж г. Слаўгарадам і г. п. Краснаполлем), Харме́нскі шлях (ад г. п. Краснаполле да в. Ферма) Краснап.

шмат Участак, невялікая дзялянка поля, сенажаці; мізэрны ўчастак зямлі (Мсцісл. Юрч., Рэч., Сіроц. Касп.). Тое ж шматок (Нясв., Рэч., Слаўг.).

□ ур. Шматы́ (поле) каля в. Засценкі Віл.