Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

надо́вень Участак поля каля вёскі (Пол.).

на́жма

1. Крынічнае месца на схіле ўзгорка, дзе заўсёды сочыцца вада (Зах. Бел. Др.-Падб., Слаўг.); гразкае месца (Нас.); дрыгвяное месца пад гарой (Слаўг.). Тое ж нажы́м, на́ціск, на́ціскі (Рэч., Слаўг.), напор (БРС).

2. Вялікая колькасць вады пад снегам або пад лёдам у час адлігі (Слаўг., Смален. Дабр.). Тое ж нажы́м (Слаўг., Смален. Дабр.), нажор (Мсцісл. Юрч.), на́стлыш (Азяр. Касп.).

3. Прыліў вады ў рэчку; напор вады на плаціну (Слаўг.). Тое ж напор, на́ціск (Слаўг.).

на́ка́п Насыпаны земляны вал, курган; магіла (Слаўг.). Тое ж накоп (Нясв., Рэч., Слаўг.).

нака́т След ад праехаўшай машыны ці каляіна ад калёс (Краснап. Бяльк., Слаўг.); дарога (Пух., Слаўг.).

на́крызь Перакрыжаванне дарог (Ст.-дар.).

на́маразь

1. Замёрзлая верхаводка на лёдзе; наслаенне лёду ад наплыву вады з крынічных месцаў (Нясв., Слаўг., Шчуч.).

2. Замёрзлая ў паветры або на рэчах пара; дробны снег, шэрань (Слаўг.).

намасты́р Манастыр (Слаўг.).

вул. Намастырская (1577) у г. Магілёве (ІЮМ, вып. 32, ч. 1, 211).

намы́ў Намыты пясок, іл на лузе (БРС). Тое ж нанос (БРС).

намяку́ша Месца на лузе, дзе расце мяккая, ядомая трава (Докш.). Тое ж намя́каць, мя́каць (Слаўг.).

наплы́ў

1. Наплыўшая мель у рацэ (Слаўг.). Тое ж на́плынь, на́плыў (Слаўг.).

2. Намыты на луг пясок, алювій (Клім. Бяльк., Слаўг.). Тое ж наток, на́плыў (Слаўг.).

3. Намытае вадой смецце (БРС). Тое ж наток, на́плыў (Слаўг.).

4. Нараст на дрэве на месцы адрэзаных сучкоў або хваравітае патаўшчэнне (БРС). Тое ж на́плыў, кру́чанне, чачотка (Слаўг.).