Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

по́пар

1. Зараснік пырніку Agropyrum repens P. В. (Стол.).

2. Поле, узаранае вясной пад жыта (Глуск. Янк. I, Рэч.); узараная зямля, якая зарасла травой (Рэч.).

по́плаў

1. Заліўны луг; наогул сенажаць (БРС). Тое ж поплава (Ст.-дар.).

2. Раслінны пласт на паверхні вады ў стаячым вадаёме; зарослае месца на возеры (Люб., Слаўг.).

3. Палявая паша, палявая трава (Рэч.).

4. Шырокае месца на рацэ (Касц. Бяльк.).

5. Смецце, мох, голле, дровы, якія выносяцца вадой на бераг ракі ў час разводдзя (Бых., Ветк., поўнач Маг., Пол. Талст.).

6. Вялікая сетка для лоўлі рыбы зімой (Стол.).

□ в. Паплавы́ Бярэз., ур. Поплава (луг) Ельск., ур. Поплаў (нізкі лог) каля в. Урэчча Слаўг., р. Паплавы́ (1910) каля в. Ржаўка Слаўг.

по́плісак

1. Месца, куды са страхі капае вада; капеж (Жытк.); кроплі дажджу, якія капаюць са страхі (Жытк.).

2. Кароткачасовы рэдкі дождж (Жытк.).

по́стаць

1. Участак збажыны, які займае жняя (БРС). Тое ж кусок, плаха (Слаўг.).

2. Частка паласы ў даўжыню (Беш. Касп.).

3. Месца ў полі, дзе стаяць снапы (Ваўк. Сцяшк.).

по́ўдзень Частка свету, супрацьлеглая поўначы (БРС).

по́ўрэй Вырай; поўдзень, цёплыя краіны, куды ляцяць птушкі зімаваць (Стол.).

по́цек

1. Паглыбленне, жалабок раўка, сярэдзіна сухога рэчышча, дзе ў час дажджу ці вясной цячэ вада (Слаўг.).

2. Паніжанае месца на адложыстым схіле ўзгорка, дзе звычайна збягае вада (Слаўг.).

по́яс Гладкая ціхая паласа вады пасярэдзіне ракі (Слаўг.). Тое ж паясок (Слаўг.).

прабо́й Яма, выбітая вадой; вельмі глыбокае месца ў рацэ, возеры (Ст.-дар.). Тое ж прабоіна (Ст.-дар.), выкаба́іна, выкабай (Слаўг.).

права́лле

1. Прорва, праваліна паміж гор (Чэр. Бяльк.).

2. Правал, выпадзенне грунту; западзенне мяккага грунту ў ямцы (Нас., Слаўг.).