Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пляж Месца каля ракі, возера, дзе адпачываюць і загараюць людзі (БРС).

плянта Мяжа (Палессе Лемц. Айк.).

пля́нцы Месца, дзе вырошчваюць садовыя саджанцы, паркавыя дрэўцы (Нясв.).

плясні́ца Тонкі лядок на рацэ (Віц.).

пляц

1. Сядзіба калгасніка, (БРС); былы сталыпінскі водруб, хутар (Слаўг.).

2. Прастора вакол царквы, цвінтар (Стол.).

3. Ст.-бел. (XVII—XVIII стст.). Поле бою.

4. Пэўная частка зямлі пад домам або сенажаццю (Нас.).

5. Месца, якое займае чалавек стоячы (Нас.).

6. Пэўная частка зямлі, палоска на агародзе (Слаўг., Смален. Дабр.).

пне́вішча Месца (поле), на якім засталіся пні ад ссечанага лесу (Нас.). Тое ж пяне́ўе, пёння (Слаўг.), пні́шча (Сал.).

ур. Пнішча (поле) каля в. Яскавічы Сал.

пні́шча

1. Нявыкарчаваны высечаны лес (Ваўк. Сцяшк.).

2. Месца, дзе стаяў пень ад спіленага дрэва (Жытк., Слаўг.). Тое ж пе́нішча, пне́шча (Слаўг.).

3. Новае поле яшчэ з пнямі (Варк. 1641 МЕВ, № 11, ч. аф., чэрв., 1906, 415).

по́валь Месца ў лесе, дзе павалены бурай дрэвы (Слаўг.).

по́гар Выгаралае месца на балоце, ямка (Віц., Маг., Палессе Талст.).

в. Погары Віц. (Рам. Мат.).

под Месца, дзе знаходзіцца памост для збожжа на высокіх слупах (Стол.). Тое ж пады́ (Стол.).