Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

рышт

1. Сцяжынка побач з дарогай, за канавай; броўка каля канавы (Слаўг.).

2. Роў, ручай, вадасцёкавая канава (Віц. Касп., Зах. Бел. Др.-Падб., Мсцісл. Бяльк., Слаўг.).

3. Высока скошаная балотная сенажаць, дзе пракосы ляжаць над вадой (Стол.).

□ вул. Рышт (і заходняя частка горада за ровам) у г. Слаўгарадзе, ур. Рыштот Бых. (Дэмб. II, 1884, 169).

рышто́к Вадасцёкавая канаўка (БРС), выкладзеная каменнем уздоўж брукаванай вуліцы або дарогі (Маладз.).

рышць Канава (Маг. губ. вед., 1854, № 48, 865, Слаўг.).

рэ́вень Прыродная яма на балоце, дзе звычайна ловяць рыбу (Палессе Талст.).

рэз Участак, паласа поля або сенажаці (Беш. Касп., Гарб., Глуск. Янк. II, Грыг. 1838—1840, Слаўг., Сміл. Шат.); тры загоны (Жытк.); участак зямлі 72 га (Стол.), 10 дзесяцін (Стол.).

□ в. Разкі́ Слаўг., ур. Рэзкі (поле, прымеранае пазней) недалёка ад в. Папоўка Слаўг., воз. Разно Люцынскага пав. (Расія т. 9, стар. 445).

рэ́за Глухія, пустэльныя і гразкія месцы (Гарб.).

□ г. Рэжыца і р. Рэжыца Віц.

рэзе́рв Паласа адчужэння каля чыгункі, шашы (Слаўг.). Тое ж рэзе́рва (Слаўг.).

рэ́зка

1. Вузкая палоска лугу, поля (Бял. Матэр.).

2. Мера зямлі каля 10 дзесяцін (Стол.).

рэ́знік Густыя зараснікі ў стаячай вадзе рагалісніку Ceratophyllum demersum L. (Слаўг.).

рэ́пішча Новае поле, ляда, дзе раней першай культурай сеялі рэпу (Мін. Лемц. Дыс., 203, Рэч., Смален. Дабр.).

□ х. Вялікае Рэпішча, х. Малое Рэпішча Мядз., ур. Рэпішча (луг) каля в. Віравая Слаўг.