Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЫРА́НКА, Хамутоўка,

рака ў Гродзенскім р-не, правы прыток р. Котра (бас. р. Нёман). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 622 км². Пачынаецца з воз. Малочнае, цячэ праз азёры Белае і Рыбніца. Ад вытоку да воз. Белае называецца Хамутоўка. Асн. прыток — р. Бярвенка. Даліна ў сярэднім цячэнні невыразная, у верхнім і ніжнім трапецападобная (шыр. 200—300 м). Рэчышча ў верхнім цячэнні звілістае, шыр. 3—4 м, месцамі да 10 м, на ўчастку ніжэй воз. Рыбніца да в. Пыра (3,2 км) каналізаванае.

т. 13, с. 151

Пырванаў Георгі

т. 18, кн. 1, с. 441

ПЫ́Р’ЕЎ (Іван Аляксандравіч) (17.11.1901, г. Камень-на-Обі Алтайскага краю, Расія — 7.2.1968),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Дзярж. эксперым. тэатр. майстэрні (1923). Быў акцёрам т-раў Пралеткульта і У.​Меерхольда. З 1925 у кіно. Некалькі гадоў узначальваў кінастудыю «Масфільм», пасля кіраваў там творчым аб’яднаннем «Прамень». Паставіў фільмы «Чужая жанчына» (1929), «Дзяржаўны чыноўнік» (1931), «Партыйны білет» (1936). Па-наватарску асвойваў жанр муз. камедыі ў кінафільмах «Багатая нявеста» (1938), «Трактарысты» (1939), «Свінарка і пастух» (1941), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944), «Сказанне пра зямлю Сібірскую» (1948, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Марыянске-Лазне, Чэхія), «Кубанскія казакі» (1950, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія), якія вызначаюцца рамант. прыўзнятасцю, тэмпераментам, камедыйнасцю і лірычнасцю нар. вобразаў. Зняў адзін з першых фільмаў пра партызан Вял. Айч. вайны «Сакратар райкома» (1942). Пазней звярнуўся да творчасці Ф.​Дастаеўскага: паставіў фільмы «Ідыёт» (1958), «Белыя ночы» (1960), «Браты Карамазавы» (1969, 3-я серыя закончана К.​Лаўровым і М.​Ульянавым). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946, 1948, 1951.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1978.

Літ.:

Михайлов А. Народный артист СССР И.​Пырьев. [М.], 1952.

І.А.Пыр’еў.

т. 13, с. 151

ПЫ́РНІК (Elytrigia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя тропікаў. На Беларусі 2 віды П.: паўзучы (E. repens) і сярэдні (E. intermedia). Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, палях і агародах.

Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя травы выш. 30—150 см. Сцёблы ўзыходныя, унутры полыя. Лісце чаргаванае, пляскатае або ўздоўж згорнутае, вузкалінейнае, шурпатае, шыза-зялёнае ці шараватае. Кветкі дробныя, сабраныя ў агульнае суквецце рыхлы колас. Плод — зярняўка. Некат. віды культывуюцца як кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца ў селекцыі мароза- і холадаўстойлівых пшанічна-пырнікавых гібрыдаў. Шкоднае пустазелле П. паўзучы мае лек. ўласцівасці, ужываецца ў ежу (свежыя і высушаныя карэнішчы), выкарыстоўваецца як пашавая і сенакосная культура.

В.​М.​Прохараў.

Пырнік: 1 — паўзучы; 2 — бескарэнішчавы.

т. 13, с. 152