ПЫ́ПІН (Аляксандр Мікалаевіч) (6.4.1833, г. Саратаў, Расія —9.12.1904),
рускі літаратуразнавец, этнограф, фалькларыст; прадстаўнік культурна-гістарычнай школы. Акад. (1898, з 1891 чл. кар.) Пецярбургскай АМ. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1853). Друкаваўся з 1852. Супрацоўнічаў у час. «Отечественные записки», «Современник», «Вестник Европы». У маладосці быў пад ідэйным уплывам М.Г.Чарнышэўскага (свайго стрыечнага брата), потым прыхільнік памяркоўна-ліберальных, асветніцкіх поглядаў. Сярод яго прац: «Гісторыя славянскіх літаратур» (з У.Д.Спасовічам, 2-е выд., т. 1—2, 1879—81), «Гісторыя рускай літаратуры» (4-е выд., т. 1—4, 1911—13). У «Гісторыі рускай этнаграфіі» (т. 1—4, 1890—92) у 7 раздзелах 4-га т. ўпершыню ахарактарызаваў і абагульніў найважнейшыя працы па бел. этнаграфіі і фальклоры. Агляд гісторыі бел. этнаграфіі зрабіў у цеснай сувязі з гіст. і культ. развіццём Беларусі; этнагр. навуку і л-ру разглядаў як форму выражэння самасвядомасці народа, сцвярджаў нац. самабытнасць бел. народа, аналізаваў дзейнасць даследчыкаў бел. нар. творчасці, этнографаў П.В.Баброўскага, І.І.Насовіча, Ю.Ф.Крачкоўскага, Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна і інш. Працы П. вызначаюцца глыбінёй даследавання праблем, перакананасцю думкі, багаццем фактычнага, у многіх выпадках арыгінальнага матэрыялу.
Літ.:
Сакулин П.Н. А.Н.Пыпин: Его науч. заслуги и обществ. взгляды. М., 1905;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964.
Г.А.Пятроўская.
т. 13, с. 151