ПЫ́ТАЛЕЎ (Фёдар Дзямідавіч) (н. 14.2.1938, в. Усушак Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Скончыў Бел. кансерваторыю (1966, клас М.Аладава). У 1966—67 выкладаў у Брэсцкім, з 1969 у Мінскім імя М.Глінкі муз. вучылішчах. Найб. творчыя дасягненні ў сімф. музыцы. Для яго твораў характэрны лірыка-філас. накіраванасць, інтэлектуальны пачатак, разнастайнасць вобразнага зместу, апора на нац. фальклор, выкарыстанне бел. нар. песні, увага да тэмбравага боку музыкі. Сярод твораў: 10 сімфоній (1967, 1970, 1972, 1974, 1979, 1980, 1983, 1987, 1990, 1991), 2 уверцюры (1973, 1975), паэмы для сімф. арк. «Беларусь партызанская» (1975), «Радзіма» (1977), кантата «Наш край» (сл. Я.Коласа, 1966, канчатковая рэд. 1985), Скерца для сімф. арк. (1975), Паэма для фп. (1975), санаты для скрыпкі, віяланчэлі і фп., для габоя і фп., трыпціхі для кантрабаса і фп., для фп., цыклы п’ес для фп. «Дзіцячы сшытак» (1971), для віяланчэлі з фп. (1982) і інш. Аўтар шматлікіх песень, музыкі для дзяцей, да дакумент. фільмаў.
Р.М.Аладава.
т. 13, с. 152
ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,
сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.Купала).
Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 153