ПЫ́Р’ЕЎ (Іван Аляксандравіч) (17.11.1901, г. Камень-на-Обі Алтайскага краю, Расія — 7.2.1968),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1948). Скончыў Дзярж.эксперым.тэатр. майстэрні (1923). Быў акцёрам т-раў Пралеткульта і У.Меерхольда. З 1925 у кіно. Некалькі гадоў узначальваў кінастудыю «Масфільм», пасля кіраваў там творчым аб’яднаннем «Прамень». Паставіў фільмы «Чужая жанчына» (1929), «Дзяржаўны чыноўнік» (1931), «Партыйны білет» (1936). Па-наватарску асвойваў жанр муз. камедыі ў кінафільмах «Багатая нявеста» (1938), «Трактарысты» (1939), «Свінарка і пастух» (1941), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944), «Сказанне пра зямлю Сібірскую» (1948, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Марыянске-Лазне, Чэхія), «Кубанскія казакі» (1950, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія), якія вызначаюцца рамант. прыўзнятасцю, тэмпераментам, камедыйнасцю і лірычнасцю нар. вобразаў. Зняў адзін з першых фільмаў пра партызан Вял.Айч. вайны «Сакратар райкома» (1942). Пазней звярнуўся да творчасці Ф.Дастаеўскага: паставіў фільмы «Ідыёт» (1958), «Белыя ночы» (1960), «Браты Карамазавы» (1969, 3-я серыя закончана К.Лаўровым і М.Ульянавым). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946, 1948, 1951.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1978.
Літ.:
Михайлов А. Народный артист СССР И.Пырьев. [М.], 1952.