ПЫ́РНІК (Elytrigia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя тропікаў. На Беларусі 2 віды П.: паўзучы (E. repens) і сярэдні (E. intermedia). Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, палях і агародах.

Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя травы выш. 30—150 см. Сцёблы ўзыходныя, унутры полыя. Лісце чаргаванае, пляскатае або ўздоўж згорнутае, вузкалінейнае, шурпатае, шыза-зялёнае ці шараватае. Кветкі дробныя, сабраныя ў агульнае суквецце рыхлы колас. Плод — зярняўка. Некат. віды культывуюцца як кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца ў селекцыі мароза- і холадаўстойлівых пшанічна-пырнікавых гібрыдаў. Шкоднае пустазелле П. паўзучы мае лек. ўласцівасці, ужываецца ў ежу (свежыя і высушаныя карэнішчы), выкарыстоўваецца як пашавая і сенакосная культура.

В.​М.​Прохараў.

Пырнік: 1 — паўзучы; 2 — бескарэнішчавы.

т. 13, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)