Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПУПКО́ (Пупка) Апалінарый Фларыянавіч

(12.11.1893, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 18.6.1984),

беларускі самадзейны майстар разьбы па дрэве. У сваёй творчасці працягваў лепшыя традыцыі бел. нар. драўлянай скульптуры. Аўтар работ ка мернага характару на фалькл., літ., гіст., казачныя сюжэты: «Несцерка» (1965), «Жалейка» (1970), «Ганчар» (1972), «Араты», «Мая доля», «Лірнік», «Збянтэжаны Саўка» (усё 1979) і інш. Стварыў партрэты В.​Дуніна-Марцінкевіча (1976), А.​Пашкевіч (Цёткі, 1977), Ф.​Скарыны (1980), эпічныя манум. творы «Маці» (1976), «Летапісец» (1977), «Гусляр», «Сейбіт» (1978) і інш.

Літ.:

Сахута Я. Народны майстар-разьбяр А.​Пупко. Мн., 1981.

Я.​М.​Сахута.

А.Пупко. Скульптуры «Мая доля», «Лірнік». 1979.

т. 13, с. 124

ПУПО́К, антэміс (Anthemis),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі найб. вядомы 4 віды П.: палявы (A. arvensis), рускі (A. ruthenica), сабачы, або сабачы рамонак (A. cotula), фарбавальны (A. tinctoria). Трапляюцца на сухадольных лугах, палях, агародах.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусцікі. Сцёблы прамастойныя або прыўзнятыя, голыя ці апушаныя. Лісце перыстарассечанае, радзей лінейнае. Суквецці — адзіночныя шматкветкавыя кошыкі. Краявыя язычковыя кветкі з белым, жоўтым, залаціста-жоўтым, зрэдку ружовым адгінам. Плод — сямянка. Кветкі П. фарбавальнага прыдатныя для афарбоўкі тканін, маюць інсектыцыдныя ўласцівасці. Дэкар., лек., фарбавальныя, інсектыцыдныя, меданосныя расліны. Некат. — пустазелле.

В.​М.​Прохараў.

Пупок палявы.

т. 13, с. 124

ПУПЫ́ШКА ў раслін,

зародак парастка. Мае кароткую вось (сцябло) з конусам нарастання на верхавінцы і шчыльна размешчанае на восі зародкавае лісце, якое ўкрывае вось і адно аднаго (вегетатыўная П.), або мае, акрамя таго, зародкі кветак і суквеццяў (генератыўная П.). Вонкавыя лісцевыя органы ахоўваюць унутр. мерыстэматычную ч. ад высыхання і пашкоджвання і ўтвараюць у П. цёмную вільготную камеру. Кветкавая П., што мае 1 кветку, наз. бутонам. Адрозніваюць верхавінкавыя (тэрмінальныя) П. — забяспечваюць рост парастка ў даўжыню, і бакавыя (пазушныя) — забяспечваюць галінаванне і развіццё сістэмы парасткаў. У шматгадовых раслін П. перажываюць перыяд спакою, які звычайна звязаны з неспрыяльнымі ўмовамі, і з надыходам цёплага або вільготнага сезона даюць парасткі (П. ўзнаўлення). Спячыя П. захоўваюць жыццяздольнасць на працягу гадоў і пры пашкоджанні ч. ствала і галін, якія знаходзяцца вышэй, з іх развіваюцца т.зв. вадзяныя парасткі, часта у выглядзе пнёвых парасткаў. Гэтая ўласцівасць выкарыстоўваецца пры фарміраванні кроны пладовых і дэкар. дрэў. З прыдаткавых П. на каранях утвараюцца каранёвыя атожылкі. Многія П. служаць для вегетатыўнага размнажэння, а т.зв. вывадкавая П. (напр., у брыяфілуму) — для жыванараджэння ў жывародных раслін.

т. 13, с. 125