Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПУБЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. publico абвяшчаю ўсенародна),

1) паведамленне пэўнай інфармацыі для агульнага ведама праз друк, радыёвяшчанне, тэлебачанне.

2) Друкаванне якіх-н. матэрыялаў у розных выданнях (кнігах, часопісах, газетах).

3) Тое, што апублікавана, выдадзена.

т. 13, с. 115

ПУБЛІЦЫ́СТЫКА (ням. Publizistik ад лац. publicus грамадскі),

від твораў, прысвечаных актуальным праблемам і з’явам грамадскага жыцця. Скіравана на аператыўнае асэнсаванне рэчаіснасці (пераважна сучаснасці) шляхам спалучэння лагічнага і эмацыянальна-вобразнага спосабаў даследавання і адлюстравання жыцця. Спецыфічным чынам удзельнічае ў працэсах дзярж., грамадскага і гасп. кіраўніцтва, актыўна ўздзейнічае на ход практычных спраў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Выконвае сац.-пед., прапагандысцкія, інфарм. функцыі, фарміруе грамадскую думку. Як від грамадска-паліт. л-ры найб. пашырана ў журналістыцы. Пісьменніцкая П. прасякнута кампанентамі маст. творчасці. Асн. якасці П.: тэарэт. абгрунтаванасць, доказнасць, праўдзівасць, прынцыповасць, тэндэнцыйнасць, паліт. вастрыня, эмацыянальнасць, палемічнасць (гл. Публіцыстычны стыль). Асн. жанры П.: артыкул, агляд, карэспандэнцыя, рэцэнзія. У ходзе сінтэзу маст. і публіцыстычных форм паявіліся маст.-публіцыстычныя жанры: нарыс, эсэ, фельетон, памфлет. На стыку навук. л-ры і П. ўзніклі навук.-папулярныя жанры, якія вызначаюцца выразнай публіцыстычнасцю.

Элементы П. ёсць у летапісах ВКЛ 15—16 ст. Публіцыстычная паводле свайго характару палемічная літаратура канца 16—1-й пал. 17 ст. Узор бел. публіцыстычнага слова — газ. «Мужыцкая праўда» К.​Каліноўскага, першая легальная газета на бел. мове «Наша ніва». Публіцыстычнымі з’яўляюцца асобныя творы Ф.​Багушэвіча, З.​Бядулі, М.​Гарэцкага, Цёткі, нарысы Я.​Лучыны. П. заняла значнае месца ў творчасці М.​Багдановіча. У 1920-я г. з публіцыстычнымі творамі выступалі Ц.​Гартны, М.​Зарэцкі, Я.​Скрыган, М.​Чарот. У гады Вял. Айч. вайны са старонак розных выданняў звярталіся да народа Я.​Купала, Я.​Колас, К.​Чорны, А.​Куляшоў, П.​Броўка, П.​Панчанка і інш. Публіцыстычныя па сваёй скіраванасці кнігі А.​Адамовіча, Я.​Брыля, У.​Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.​Алексіевіч «У вайны — не жаночы твар», створаныя на матэрыяле ўспамінаў жыхароў Беларусі пра Вял. Айч. вайну. Найб. ўклад у развіццё бел. П. пасляваен. часу зрабілі пісьменнікі Брыль, В.​Быкаў, І.​Дуброўскі, М.​Лынькоў, В.​Палтаран, Я.​Сіпакоў, М.​Танк, І.​Чыгрынаў, І.​Шамякін. У сучаснай П. працуюць Н.​Гілевіч, У.​Глушакоў, Л.​Екель, А.​Казловіч, Л.​Левановіч, У.​Ліпскі, С.​Шаўцоў, М.​Шыманскі, Л.​Юнчык, В.​Якавенка і інш. Трывалае месца заняла П. ў дакументальным кіно, на тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Літ.:

Прохоров Е.П. Искусство публицистики. М., 1984;

Цікоцкі М.Я. Стылістыка публіцыстычных жанраў. Мн., 1971;

Стральцоў Б.В. Публіцыстыка: Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Яго ж. Основы публицистики: Жанры. Мн., 1990;

Публицисты. Мн., 2000.

Б.​В.​Стральцоў.

т. 13, с. 115

ПУБЛІЦЫСТЫ́ЧНЫ СТЫЛЬ,

адзін з кніжных стыляў мовы, які выкарыстоўваецца ў газетах, грамадска-паліт. і літаратурна-мастацкіх часопісах, у агітацыйна-прапагандысцкіх выступленнях, на радыё і тэлебачанні. Асн. жанры: рэпартаж, нарыс, нататка, інтэрв’ю, памфлет, хроніка, фельетон. Выконвае 2 асн. функцыі: інфарматыўную і ўплывовую. Яму ўласцівы: дакументальна-факталагічная дакладнасць, лагічнасць, накіраванасць на чытача (слухача), вобразнасць, экспрэсіўнасць, выразнасць. Тэматычна неабмежаваны, таму ў ім выкарыстоўваюцца разнастайныя моўныя адзінкі: грамадска-паліт. лексіка і фразеалогія, ацэначныя словы, прыказкі, прымаўкі, крылатыя словы, сінтакс. канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіяй (рытарычныя пытанні, звароты, паўторы, сказы-заклікі) і інш. У П.с. могуць быць выкарыстаны моўныя сродкі інш. стыляў.

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Костомаров В.Г. Языковой вкус эпохи. М., 1994;

Плещенко Т.П., Федотова Н.В., Чечет Р.Г. Основы стилистики и культуры речи. Мн., 1999.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 13, с. 115

ПУБЛІ́ЧНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць галін права, якія рэгулююць адносіны, што забяспечваюць агульны, сукупны (публічны) інтарэс, у адрозненне ад галін права, накіраваных на абарону прыватнага інтарэсу (гл. Прыватнае права). Да галін П.п. адносяцца: міжнар. П.п., канстытуцыйнае, адміністрацыйнае, фінансавае, крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае і інш. права.

т. 13, с. 116

ПУБЛІ́ЧНАСЦЬ,

гл. ў арт. Галоснасць.

т. 13, с. 116

ПУБЛІ́ЧНАСЦЬ СУДАВО́ДСТВА,

дэмакратычны прынцып судаводства, які выяўляецца ў тым, што ўзбуджэнне крымін. спраў, іх расследаванне і вырашэнне, а таксама разгляд цывільных спраў у судзе ажыццяўляюцца адпаведнымі публічнымі (дзярж.) органамі (дазнання, следства, пракуратуры, суда) незалежна ад меркавання зацікаўленых асоб.

т. 13, с. 116